На паседжаньні Савету міністраў саюзнай дзяржавы не прынялі рашэньняў ані пра выдзяленьне Беларусі стабілізацыйнага крэдыту, ані пра скасаваньне мытных пастоў на агульнай мяжы, ані пра ўніфікацыю падатковых і мытных парадкаў.
Праблема адзінай валюты ды адзінага эмісійнага цэнтру таксама ня вырашаная. Кіраўнікамі ўрадаў зноў даваліся заданьні адпаведным міністэрствам “актывізаваць працу й выканаць у поўным аб’ёме раней прынятыя рашэньні”.
Высьветлілася, што Беларусь так і не пералічыла цалкам сваю долю ў леташні саюзны бюджэт.
Пасьля паседжаньня кіраўнік расейскага ўраду прызнаў, што ў саюзных справах застаюцца недахопы і “шурпатасьці”.
(Касьянаў: ) "Мы сёньня канстатавалі, што адпаведныя рашэньні, прынятыя на гэтыя тэмы, выконваюцца. Ёсьць, вядома, пэўныя цяжкасьці й шурпатасьці, але Саўмін, рэгулярна засядаючы, прымае рашэньні аб пераадоленьні гэтых цяжкасьцяў ці шурпатасьцяў".
На гэтыя словы Міхаіла Касьянава беларускі прэм’ер Уладзімер Ярмошын адказаў:
(Ярмошын: ) "На гэтым шляху ёсьць пэўныя цяжкасьці, Міхаіл Міхайлавіч іх сьціпла назвае “шурпатасьцямі”, але яны такія, што па скуры рэжуць…"
Міхаіл Касьянаў зазначыў, што ён заклікае расейскіх бізнэсоўцаў інвэставаць у беларускую эканоміку ды зазначыў, што жаданьне такое з боку расейскага капіталу праяўляецца, і ўжо ёсьць пэўныя праекты на гэты конт. Гэта важна, бо калі ў Расеі рост інвэстыцыяў летась складаў 18%, то ў Беларусі інвэстыцыяў практычна не было, шчыра прызнаў Міхаіл Касьянаў.
Сярод іншых спадару Касьянаву задалі й пытанне пра тое, ці будзе падтрымліваць расейскі ўрад на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Касьянаў адказаў:
(Касьянаў: ) "Вы ведаеце, што адказы так наўпрост як бы ня ставяцца… Вы ведаеце, што мы са свайго боку ўсяляк падтрымліваем міжнароднае прызнаньне й добрыя адносіны да парлямэнцкіх выбараў, што адбыліся ў Беларусі.
З такімі ж намерамі мы працуем над тым, каб прэзыдэнцкія выбары, якія чакаюцца ў Беларусі, былі ўспрынятыя як адпаведныя эўрапейскім нормам. У гэтым кантэксьце ў замежнапалітычнай сфэры мы працуем якраз актыўна, і каардынацыя паміж нашымі МЗС і сумесная выпрацоўка дзеяньняў, якія патрэбныя ў гэтай сувязі, ажыцьцяўляецца пастаянна".
Міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў так пракамэнтаваў гэтую заяву спадара Касьянава:
(Хвастоў: ) "Мы ведаем, якую пазыцыю зойме Расея. Якую? Надыдзе час — скажу".
Спадар Хвастоў паведаміў, што на паседжаньні саюзнага Савету міністраў прынялі таксама праграму супольных дзеяньняў Беларусі й Расеі ў галіне замежнай палітыкі.