На думку ўдзельнікаў Рады, улады мінулай нядзеляй правялі генэральную рэпэтыцыю.
Удзельнікі сёньняшняга паседжаньня жартам прапаноўвалі ўсе наступныя выбары ў Беларусі праводзіць не выходнымі, а буднымі днямі. Нашто галасаваць у нядзелю, калі значная колькасьць выбаршчыкаў (на асобных участках ажно 80%) прагаласавала датэрмінова, сярод тыдня.
Але масавае датэрміновае галасаваньне — толькі адна з найяскравых рысаў стратэгіі ўладаў. Пра тое, якія маніпуляцыі апрабоўвала ўлада ў часе гэтых выбараў, гаворыць удзельнік сёньняшняга паседжаньня, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Вячаслаў Герасіменка.
(Герасіменка: ) "Адзначылі тры моманты, на якія ўлада на выбарах прэзыдэнта зробіць акцэнт.
Першае: на стадыі рэгістрацыі адсеяць найбольш небясьпечных для ўлады патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. Прыкладам, у Барысаве было тры чалавекі, якія занялі восеньню першыя тры месцы на выбарах у палату прадстаўнікоў — іх не зарэгістравалі на вясновыя выбары.
Другое: уладзе вельмі выгадна, каб былі датэрміновыя выбары. У Баранавічах на некаторых участках прагаласавалі 69–82% чалавек датэрмінова.
Трэцяе: гэтая дзіўная праца са сьпісамі выбаршчыкаў. Нагадаю, у адной акрузе Менску 10 000 выбаршчыкаў (гэта 15%) зьнікла, а ў іншых месцах 10 000 выбаршчыкаў нарадзіліся".
Удзельнікі паседжаньня зьвярнуліся да амбасадара Віка з пытаньнем, ці існуе датэрміновае галасаваньне ў Нямеччыне, калі так — якія звычайна бываюць вынікі. Паводле спадара Віка, датэрмінова ў ягонай краіне прагаласаваць можна — адмысловым бюлетэнем па пошце, альбо праз упаўнаважанага. Звычайна колькасьць грамадзянаў, якія карыстаюцца такімі магчымасьцямі, не перавышае 5-7%.
Удзельнікі паседжаньня прыйшлі да высновы, што бязь зьменаў Выбарчага кодэксу і ўмоваў правядзеньня выбараў няма чаго спадзявацца на справядлівыя й дэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары. Таму вырашана падрыхтаваць пэўныя прапановы дзеля зьмены выбарчага заканадаўства ды зьвярнуцца зь імі ў Канстытуцыйны суд Беларусі.