Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК ЗАЯВІЎ, ШТО НЯ ЎСЕ КАНДЫДАТЫ ВЫТРЫМАЮЦЬ ПРЭЗЫДЭНЦКІ МАРАФОН


Міхал Стэльмак, Менск


Сёньня цягам дня Ўладзімер Ганчарык сустракаўся зь іншымі верагоднымі кандыдатамі на прэзыдэнта, а таксама браў удзел у канфэрэнцыі працоўнага калектыву Менскага трактарнага заводу.

Учорашняя рэспубліканская нарада з прафсаюзным актывам засьведчыла, што разьлічваць на шырокую падтрымку функцыянэраў Уладзімеру Ганчарыку не выпадае. Вось што ён паведаміў на гэты конт нашаму радыё:

(Ганчарык: ) "Ёсьць людзі, што ўжо вызначылі сваю пазыцыю, і я ім дзякую за падтрымку. Ёсьць людзі, якія пакуль што ня вызначыліся, яны б хацелі ня ўмешвацца ў палітыку. Іншыя ж (гэтыя збольшага зь сярэдняга зьвяна) выступаюць супраць, падтрымліваючы ўладу. Яны кажуць, што з такім мізэрным заробкам, на 20-30 тысяч, можна падтрымліваць дзеяньні ўлады".

(Карэспандэнт: ) "Калі будзе канчаткова ясна з вашымі прэзыдэнцкімі плянамі?"

(Ганчарык: ) "Я ўзгадняю свае дзеяньні цяпер зь іншымі прэтэндэнтамі магчымымі на прэзыдэнта — па арганізацыйнай рабоце, па ўмацаваньні сваіх пазыцыяў у працоўных калектыывах, у рэгіёнах, па стварэньні структураў. Уся такая работа будзе завершаная да моманту абвяшчэньня выбараў".

(Карэспандэнт: ) "Хацелася б, каб вы патлумачылі, якія разыходжаньні маюць тры магчымыя кандыдаты — Ганчарык, Казлоўскі ды Чыгір — зь Сямёнам Домашам".

(Ганчарык: ) "Я ня думаю, што гэта прынцыповыя разыходжаньні — гэта больш пытаньні тактыкі ды арыенціроўкі на тыя структуры, што іх падтрымліваюць.

Сямён Домаш больш цесна працуе з правымі сіламі, умоўна кажучы. Але ён таксама разьлічвае, што будуць і іншыя падтрымліваць. Думаю, што гэтыя пытаньні вырашаюцца ў рабочым парадку".

(Карэспандэнт: ) "Вы сёньня сказалі, што ня ўсе кандыдаты на прэзыдэнта пройдуць шлях да канца. Што вы мелі на ўвазе?"

(Ганчарык: ) "Я меў на ўвазе, што ня ўсе выканаюць той аб'ём работы па стварэньні сваіх структураў, нейкіх сродкаў і гэтак далей. Яны ацэняць свае магчымасьці ды вырашаць, ці варта далей ісьці, зьбіраць подпісы ды выконваць іншую работу".

Тым часам улады працягваюць паглыбляць раскол прафсаюзаў. У прыватнасьці, на Гарадзеншчыне, паводле словаў старшыні Фэдэрацыі, прафсаюзных лідэраў агітуюць уступаць у перадвыбарчыя блёкі, што ствараюцца дзеля падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі.

Апроч таго, улады вядуць змаганьне за першасныя суполкі Фэдэрацыі. Напрыклад, зараз каманда Ўладзімера Ганчарыка спрабуе абараніць ад пераўтварэньня ў "кішэнную" арганізацыю прафсаюзную суполку Рэчыцкага заводу мэталёвых вырабаў.
XS
SM
MD
LG