Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК ЗГОДНЫ БЫЦЬ КАНДЫДАТАМ НА ПРЭЗЫДЭНТА АД ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

(Сокалаў: ) “Зянон Станіслававіч, Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ зьвярнулася да Вас як да свайго лідэра з просьбай узяць удзел у сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах. Дзеля гэтага Вы павінны вярнуцца ў Беларусь. Пытаньне вяртаньня Вы зьвязваеце з пытаньнем рэгістрацыі Вас як кандыдата. Што будзе, калі Вас не зарэгіструюць?”

(Пазьняк: ) “Я нідзе не выказваўся ўвогуле аб выбарах і тым больш ня звязваю ні з чым сваё вяртаньне. Калі выбары ў Беларусі адбудуцца (а пытаньне – ці яны адбудуцца ўвогуле?), то я згаджуся быць кандыдатам ад Вызвольнага руху. Гэта тое, што я магу сказаць дакладна. Што датычыць (калі выбары будуць) магчымага вяртаньня, то калі гэтага вяртаньня мне ня будзе прадстаўлена, то гэта будзе вельмі дрэнны паказьнік для рэжыму”.

(Сокалаў: ) “Ці можа выйграць выбары Вызвольны рух сам па сабе без падтрымкі іншых палітычных сілаў, іншых партыяў?”

(Пазьняк: ) “Вызвольны рух – гэта адзіная альтэрнатыва расейскай акупацыі і рэжыму Лукашэнкі, гэта рух, які базуецца на нацыянальнай ідэі і выступае ад імя ўсяго беларускага народу за Беларусь, за яе нацыянальную будучыню. Усё будзе залежаць ад беларускага народу, ад людзей, а ні ад ніякіх партыяў. Тым больш што сытуацыя ў Беларусі паказвае яшчэ раз, што залежаць будзе ад народу”.

(Сокалаў: ) “А цяпер да пытаньня судовай справы паміж дзьвюма часткамі падзеленага БНФ. Наколькі слушна ўздымаць гэтае пытаньне менавіта цяпер?”

(Пазьняк: ) “Трэба ўздымаць было менавіта цяпер, хаця пастаўлена яно было паўгода назад. Зьвязанае яно з тым, што за гэты час дакладна вызначыліся пазыцыі той групы, якая выйшла з фронту. Гэтая група далучылася да намэнлятурнай апазыцыі. Фактычна, яны далучыліся да тых людзей, якія гуляюць за каманду Лукашэнкі. Гэта канкрэтна Чыгір, Лябедзька, Сініцын, Фядута, Ганчарык, Домаш – уся гэтая каманда, якая ўвесь час была супраць БНФ, якая не падтрымлівала яго пазыцыі, яго палітыкі, не падтрымлівала нацыянальнай ідэі, і мы 10 год змагаліся з гэтымі людзьмі. Цяпер яны выйшлі з асяродзьдзя Лукашэнкі і змагаюцца быццам бы зь ім за ўладу. І вось гэтая група людзей, якая зрабіла спачатку маральны выбар, – яны думалі, што маючы сродкі ад чужых, можна будзе рабіць уласную палітыку – гэта глыбокая памылка, якая пацьвярджаецца палітычным вопытам. І вось прайшоў год, і стала відавочна, што гэтыя людзі зрабілі і палітычны выбар. Гэта атрымалася само сабой.

Таму ў гэтай сытуацыі Беларускі Народны Фронт, які я ўзначальваю, выступіў з прэтэнзіяй да мінюста і падаў у суд на міністрэрства юстыцыі, якое зарэгістравала адну і тую ж назву для дзьвюх арганізацыяў. Справа ідзе аб інтэлектуальнай маёмасьці і аб палітычным разьдзеле. Суд паказаў, што гэтая палітычная група і мінюст дзейнічаюць аднолькава, гэта – сапраўды адна каманда. Справа ідзе і аб Народным Фронце, і аб назве Народны Фронт, ад якой мы не адмовіліся. І ў гэтай сытуацыі пастаноўка пытаньня правільная. Не магу казаць, што гэта абавязкова трэба было рабіць менавіта зараз, але пастаноўка правільная”.
XS
SM
MD
LG