Гэтым разам на паседжаньні прэзыдыюму Рады БНР абмяркоўваліся два асноўныя пытаньні: пачатак перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі і пэрспэктывы ўзаемадзеяньня Рады БНР з адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша.
Нагадаем, што ў верасьні Джордж Буш накіраваў прывітальны ліст удзельнікам зьезду беларусаў Паўночнай Амэрыкі, у якім абяцаў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. У бліжэйшы час заплянаваныя візыты ў Вашынгтон прадстаўнікоў беларускай дыяспары.
У выніку абмеркаваньня палітычнай сытуацыі ў Беларусі была прынятая адмысловая заява.
Рада БНР выказала занепакоенасьць тым, што некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі, якія называюць сябе дэмакратычнымі, спадзяюцца на падтрымку з боку Масквы, у той час як Крэмль пасьлядоўна праводзіць палітыку ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці.