Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ Ў ГАМЕЛЬЧУКОЎ ЧЭСКАЕ ПІВА?


Казімер Яноўскі, Гомель

Чэскае піва мае сусьветную рэпутацыю: “Пльзенскае”, “Будвар”, “Крушовіцэ” – гэтыя назвы ведаюць ня толькі аматары. Чаму аказалася не да спадобы гомельскім уладам чэскае піва, што яны вырашылі зачыніць сумеснае прадпрыемства бровар?

Выраб у Гомелі чэскага піва так і не распачалі. Сумеснае беларуска-чэскае прадпрыемства было створанае на базе мясцовага бровара. Апошні працаваў на састарэлым абсталяваньні і ня мог самастойна выжыць ва ўмовах моцнай піўной канкурэнцыі. Піўзавод знаходзіўся ў межах свабоднай эканамічнай зоны “Гомель-Ратон”, і ягоныя кіраўнікі сталі шукаць інвэстараў. Паводле падлікаў, на рэканструкцыю трэба было мець звыш паўтара мільёна даляраў.

Чэскія прадпрымальнікі зь фірмы “Інтэрсэрвіс” зацікавіліся броварам і ў якасьці статутнага капіталу ў сумеснае прадпрыемства зрабілі маёмасны ўклад: завезьлі ў Гомель на 600 тысячаў даляраў патрэбнага абсталяваньня для вырабу піва. Аднак абсталяваньне гэтае так і ня ўстанавілі. Не знайшлося сродкаў на ягоны мантаж і рэканструкцыю старых будынкаў піўзаводу.

Аблвыканкам мае сваю долю ў прадпрыемстве “Арагаст – Чэскае піва”. І доля гэтая не малая – 42 адсоткі акцыяў. Аднак сродкаў на падтрымку прадпрыемства ва ўладаў бракуе. Яны нават тройчы зьбіраліся прадаць сваю долю. Апошнім разам зьнізілі нават кошт сваёй долі да 555 мільёнаў беларускіх рублёў, але беспасьпяхова.

Улады спадзяваліся, што іхнюю долю выкупіць ужо знаёмая нам чэская фірма “Інтэрсервіс” і ператворыць сумеснае прадпрыемства ў замежнае.

Чэхі сапраўды зьбіраліся выкупіць акцыі й намерваліся распачаць вырабляць ужо ня піва, але ячменны солад. Такі варыянт падтрымліваў і дырэктар прадпрыемства Васіль Нікіценка. Для беларускіх вытворцаў піва ячменны солад вельмі важны. Цяпер яны змушаны імпартаваць солад з Чэхіі, Нямеччыны, Аўстрыі. Аднак і з соладам нічога ня атрымалася.

У свабоднай эканамічнай зоне “Гомель – Ратон” з прадпрыемствам паступілі проста. Паколькі за два з паловай гады прадпрыемства ня зрэалізавала інвэстыцыйны праект, то адміністрацыя зоны пазбавіла яго статуса рэзыдэнта. Адмененыя мытныя прэфэрэнцыі. І цяпер да старых даўгоў у суме 800 мільёнаў прыбавілася і мытная запазычанасьць.

Праўдападобна, гамельчукі яшчэ ня хутка паспытаюць чэскага піва, вырабленага ў сябе дома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG