Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦБАНК ПЛЯНУЕ АЖЫЦЬЦЯВІЦЬ ЖОРСТКУЮ ПРЫВЯЗКУ КУРСУ БЕЛАРУСКАГА РУБЛЯ ДА РАСЕЙСКАГА АД 1 ЛІПЕНЯ 2004 ГОДУ


Юлія Шарова, Менск

Паводле прадстаўніка Нацбанку, перад краінай стаіць задача стабілізаваць інфляцыйную сытуацыю, таму прывязка курсу павінна адбыцца. Што да валютнай інтэграцыі, тэрміны якой расейскі бок ужо прапаноўваў перанесьці на 2006 год, то Павал Калаўр лічыць, што тут усё будзе залежаць ад таго, наколькі хутка ўдасца дамовіцца пра кампэнсацыю. Як гавораць у Нацбанку, сума павінна сягаць 2 мільярдаў даляраў.

Былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што жорсткай прывязкі да расейскага рубля можа не адбыцца. Гэтак, у мінулым годзе сарвалося ўвядзеньне расейскага рубля ў безнаяўнае абарачэньне, а цяпер, відавочна, пераносяцца і тэрміны пераходу на адзіную валюту. Аднак, калі жорсткая прывязка ўсё ж адбудзецца, беларускі ўрад вымушаны будзе пайсьці на вялікія эканамічныя рэформы, кажа спадар Багданкевіч. Іначай гэты захад абернецца праблемамі для Беларусі. Наогул жа экспэрты лічаць, што беларускі рубель пакуль варта зафіксаваць на даляры.

(Багданкевіч: ) “Летась дэвальвацыя беларускага рубля да расейскага склала 21,2% пры інфляцыі 25%. У той жа час дэвальвацыя нашай валюты да даляра — толькі 12,3%. То бок, мы бачым, што сёньня лягчэй жорстка прывязвацца да даляра, чым да рубля”.

Рызыку ў рашэньні кіраўніцтва Нацбанку бачыць і эканаміст Валер Дашкевіч. Калі жорсткая прывязка курсу беларускага рубля да расейскага адбудзецца, Беларусь будзе вымушаная ісьці за Расеяй у сваёй курсаўтваральнай палітыцы ды ад гэтага шмат чаго страціць у зьнешнім гандлі.

(Дашкевіч: ) “Калі мы пойдзем на прывязку, то гэта будзе не зусім спрыяльна для беларускай эканомікі, паколькі большую частку мы прадаем гатовай прадукцыі, а набываем сыравіну. А ў структуры расейскай эканомікі на экспарт больш арыентаваныя сыравінныя галіны. У нас структуры эканомікі не зусім супадаюць, і я ня думаю, што гэта будзе выгадна для нас”.

Спадар Дашкевіч таксама зьвярнуў увагу на тое, што ў самой Расеі цяпер вядуцца дыскусіі пра неабходнасьць умацоўваць рубель. Пакуль эканамічная сытуацыя ў суседняй краіне гэтаму спрыяе, але ў хуткім часе яна можа зьмяніцца, ад чаго пацерпіць расейскі бізнэс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG