Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З НАФТАПРАДУКТАПРАВОДАМІ Ў БЕЛАРУСІ З РАСЕЯЙ ТАКСАМА ЁСЬЦЬ СПРЭЧНЫЯ ПУНКТЫ


Натальля Судлянкова, Прага

У дакумэнце адзначаецца, што магістральныя нафтапрадуктаправоды, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, зьяўляюцца неад’емнай часткай расейскіх сыстэмаў Ніжні Ноўгарад-Арол, Самара – Вэнтспілс і Самара – Мазыр – Ужгарад.

Паводле расейскага праекту пратаколу з моманту рэгістрацыі прадпрыемстваў расейскай кампаніі “Транснафтапрадукт” кошт транспартных паслугаў па тэрыторыі Беларусі будзе зафіксаваны ў памеры 89 цэнтаў за 1 тону нафтапрадуктаў, якая перасоўваецца на адлегласьць 100 кілямэтраў. Усе далейшыя зьмены тарыфаў Беларусь будзе здольная рабіць толькі паводле спэцыяльнай узгодненай з расейскім бокам мэтодыкі.

Асаблівая ўвага ў гэтым праекце зьвяртаецца на тое, што “бакі ўзаемна адмаўляюцца ад прэтэнзіяў, зьвязаных зь дзейнасьцю прадпрыемстваў акцыянэранага таварыства “Транснафтапрадукт” – рэзыдэнтаў Рэспублікі Беларусь”. Беларускі бок, паводле расейскага праекту, зробіць усе крокі, каб урэгуляваць прэтэнзіі да прадпрыемстваў “Транснафтапрадукту”. Нагадаю, што беларускія падатковыя органы патрабуюць спагнаць з расейскай кампаніі 13 мільёнаў даляраў у якасьці падаткаў і штрафаў. Дарэчы, актывы самога “Захад-Транснафтапрадукту” каштуюць 12 мільёнаў. Разгляд гэтай справы ў Гомельскім абласным гаспадарчым судзе быў прыпынены да 15 чэрвеня.

У тым выпадку, калі пагадненьне паміж беларускім і расейскім бокам будзе падпісанае ў расейскай вэрсіі, Менск будзе вымушаны адклікаць патрабаваньні падаткавых органаў і дамагчыся спыненьня разгляду судовай справы. Аднак, застаецца яшчэ адно пытаньне – 12 ліпеня 2001 году Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі скасаваў рэгістрацыю “Захад-Транснафтапрадукту”. Калі пагадненьне паміж Беларусяй ды Расеяй будзе падпісанае, беларускія праваахоўныя органы будуць вымушаныя таксама патрабаваць адмены гэтага рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суду. Пасьля завяршэньня ўсіх гэтых юрыдычных працэдур магістральныя нафтапрадуктаправоды на тэрыторыі Беларусі стануць расейскай уласнасьцю ня толькі фактычна, але й юрыдычна.

Нагадаем, што ў сярэдзіне студзеня віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў аб гатоўнасьці беларускага ўраду прызнаць за Расеяй права ўласнасьці на нафтапрдуктаправоды. У мінулым годзе “Захадтранснафтапрадукт” прапумпаваў праз тэрыторыю Беларусі 8 мільёнаў тон дызэльнага паліва і заплаціў падаткі ў памеры 6 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG