Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ БЕЛАРУСЬ БРАЦЬ ПАДАТАК ЗА ТРАНЗЫТ РАСЕЙСКАГА ГАЗУ?


Юлія Шарова, Менск

У панядзелак выйшаў указ прэзыдэнта, які тычыцца спагнаньня падатку на даданую вартасьць ува ўзаемным гандлі з Расеяй. Намесьніца міністра падаткаў і збораў Ларыса Кандратава гаворыць, што ніякіх прынцыповых зьменаў гэты дакумэнт не прынёс. Паводле яе, цяпер ПДВ на расейскія работы й паслугі Беларусь папросту ня будзе вяртаць у бюджэт Расеі. Спадарыня Кандратава сказала, што прыняцьце ўказу было цалкам у рэчышчы ўніфікацыі правілаў узаемнага гандлю з Расеяй.

(Кандратава: ) “Расея гэта ўвяла ўжо вельмі даўно. То бок падатак на даданую вартасьць па работах і паслугах не бярэцца Расейскай Фэдэрацыяй да ўліку паўтара году. З 1 ліпеня 2002 году Расея ўвяла гэтую норму ў дачыненьні да Рэспублікі Беларусь”.

Такім чынам, указ быў лягічным крокам насустрач расейскай норме, лічыць намесьніца міністра падаткаў і збораў. У той жа час у дачыненьні тавараў з Расеі ўсё застаецца па-ранейшаму.

Таксама Ларыса Кандратава паведаміла, што ва ўрадзе з падачы Міністэрства фінансаў разглядаюць магчымасьць перагляду стаўкі ПДВ на транзытныя транспартныя паслугі. Пакуль яна нулявая, ПДВ спаганяецца толькі з паслугаў, што суправаджаюць транзыт.

Адметна, тое, што транзыт газу таксама лічыцца транспартнай паслугай. У міжнароднай практыцы транзыт паліва ПДВ не абкладаецца. Аднак у Беларусі з Расеяй ёсьць прынцып спагнаньня ўскоснага падатку па краіне паходжаньня, у выніку чаго Беларусь мае пэўныя страты, лічыць спадарыня Кандратава.

(Кандратава: ) “Мы ня дорым свой падатак ні Польшчы, ні Нямеччыне праз тое, што ўжываем “нуль” па транзыце. Але калі мы бярэм “нуль” з Расеі… Ну, гэта ж зразумела — яны ж яго дабіраюць”.

Ларыса Кандратава мяркуе, што рабіць нейкі вынятак для трубаправоднага транспарту ня варта. Паводле яе, рашэньне наконт таго, ці трэба абкладаць транзыт газу падаткам, урад прыме ўжо ў гэтым месяцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG