Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ВАРТА БЕЛАРУСІ БРАЦЬ КРЭДЫТ РАСЕЙСКАГА ЎРАДУ?


Юлія Шарова, Менск

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, Беларусь тэарэтычна такі крэдыт браць можа: зьнешняя запазычанасьць нашай краіны вельмі нязначная. Але ж новы крэдыт, кажа эканаміст, будзе скарыстаны надзвычай хутка, меней чым праз год. Ужо цяпер даўгі перад незалежнымі дастаўцамі газу складаюць некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Да канца году запазычанасьць павялічыцца і расейскага ўрадавага крэдыту на ейнае скасаваньне можа нават і не хапіць.

Да таго ж, наяўнасьць крэдытнага пагадненьня дасьць Расеі юрыдычную падставу прэтэндаваць на беларускую маёмасьць, кажа Леанід Злотнікаў.

(Злотнікаў: ) “Калі прыйдзе час праз год альбо праз два аддаваць гэтыя крэдыты, то канечне ж, чымсьці аддаваць давядзецца. А калі Беларусь ня будзе аддаваць гэтыя крэдыты, значыцца, Расея будзе мець права адабраць уласнасьць Беларусі, нават у іншых краінах. І нікуды мы не падзенемся, аддамо”.

Як заўважыў мой суразмоўца, на сёньняшні дзень беларуская газатранспартная сыстэма мае патрэбу ў грунтоўнай рэканструкцыі. Паводле розных падлікаў, у гэтую справу трэба інвэставаць да мільярду даляраў – іначай праз колькі год газавыя трубы пачнуць папросту развальвацца. І тут ужо ня важна будзе, каму плаціць – Расеі ці Беларусі. Таму Леанід Злотнікаў лічыць, што перадача кантрольнага пакету “Белтрансгаза” расейскай газавай манаполіі ня стане вялікай стратай для айчыннай эканомікі.

Старшыня асацыяцыі Садзеяньня эканамічнаму разьвіцьцю Васіль Шлындзікаў, наадварот, лічыць, што “Белтрансгаз” – гэта стратэгічна важнае прадпрыемства, кантроль над якім нельга губляць.

(Шлындзікаў: ) “Не магу сказаць, наколькі гэта сёньня сур’ёзна і колькі год праслужыць гэтая труба, але я так лічу, што яна праслужыць дастаткова доўга. І яна заўсёды будзе аб’ектам прэтэнзіяў Расеі. Прадаць яе танна можна заўсёды”.

Аднак, гаворыць спадар Шлындзікаў, вельмі адметна тое, што выплаты па гэтым крэдыце пачнуцца ў 2006 годзе – акурат тады, калі ў Беларусі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Калі ў краіне зьменіцца кіраўніцтва, то праблема вяртаньня даўгоў ляжа но новую ўладу, а старая ні за што адказваць ужо ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG