Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ БРОВАРЫ НЯ ХОЧУЦЬ ВАРЫЦЬ ПІВА ЗЬ МЯСЦОВАГА СОЛАДУ


Ігар Карней, Менск

Паводле зьвестак Міністэрства эканомікі, для поўнай загрузкі беларускіх бровараў неабходна 128 тысяч тонаў піваварнага ячменю. Ад сярэдзіны 1990-х доля мясцовай сыравіны ў гэтым аб’ёме скарачаецца: летась беларускія гаспадаркі супольна сабралі толькі 18 тысяч тонаў супраць прагназаваных 70 тысяч. Нізкія тэмпы нарыхтоўкі адмыслоўцы тлумачаць як кліматычнымі адметнасьцямі Беларусі, так і адсутнасьцю высокаякасных гатункаў ячменю. Таму цягам апошніх год на 70–80% піваварны ячмень імпартуецца.

Адмысловец у сельскай гаспадарцы акадэмік Іван Нікітчанка лічыць: перш, чым навязваць зьверху адміністрацыйныя формы і мэтады, трэба стварыць адмысловыя сыравінныя зоны дзеля вырошчваньня гэтай досыць наравістай культуры і на навуковым узроўні забясьпечыць сэлекцыю:

(Нікітчанка: ) “Выказванні Лукашэнкі наконт піваварнага ячменю — каб заводы выкарыстоўвалі толькі беларускі — гэта несур’ёзна. Чаму? Тэхналёгія патрабуе асаблівых якасьцяў зерня. Не з усялякага ячменю можна атрымаць піва, ёсць адмысловыя гатункі. Гэта карпатлівая праца і ў савецкі час была не ў вялікай пашане, а цяпер усё пераблыталася наогул. Беларускія бровары вымушаныя яго купляць, бо свайго неабходнай якасьці няма. Так што калі Лукашэнка будзе забараняць закупы піварнага ячменю за мяжой, дык канчаткова “пасадзіць” бровары”.

Аднак беларускае кіраўніцтва лічыць, што імпартаваць піваварны ячмень няма неабходнасьці. НДІ сельскай гаспадаркі ўжо атрымаў устаноўку на павелічэньне вытворчасьці гэтай культуры да 150 тысяч тонаў сёлета і да 180 тысяч у 2005 годзе. Праграма падтрымкі айчынных вытворцаў ячменю, якая распрацоўваецца ў Міністэрстве гандлю, грунтуецца на абмежавальных захадах: высокіх стаўках мытных падаткаў з пэрспэктывай поўнай забароны імпарту.

Скарачэньне паставак замежнага ячменю ўжо прывяло да таго, што адзіны ў краіне соладавы завод у Іванаве мае сыравіны толькі да канца лютага. Пакуль выратоўвае, што некаторыя бровары даюць на мэтавую перапрацоўку ячмень, імпартаваны дзеля распрацоўкі гатункаў піва, якія потым прэзэнтуюцца на разнастайных выставах. Прыкладам, дырэктар лідзкага бровару Ўладзімер Юфа не хавае, што новыя маркі бяруць першыя месцы толькі дзякуючы ангельскаму соладу. “А скончацца 2,5 тысячы тонаў гэтага соладу, і людзі зноў скажуць: Ліда сапсавалася”, — скардзіцца спадар Юфа. Ён таксама кажа, што практычна ні ў адной гаспадарцы Беларусі не вырошчваюць якаснага піваварнага ячменю.

Бальшыня адмыслоўцаў лічыць, што пэрспэктыва разьвіцьця ўсёй галіны палягае ня ў тым, каб замкнуць кола на айчынных вытворцаў піваварнага ячменю, а ў прыцягненьні прыватнага капіталу. Ва ўсіх суседніх краінах бровары ў прыватных руках, у іх укладаюцца вялізныя сродкі. І калі дзясятак год таму тое ж лідзкае піва сапраўды магло канкураваць з украінскім, літоўскім ці латыскім, то цяпер гатункі канкурэнтаў не саступаюць чэскім ці нямецкім. А беларускае піць ня хочуць нават патрыёты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG