Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ НЯ ХОЧА НАБЫВАЦЬ ГАЗ НА ЎМОВАХ НЕЗАЛЕЖНЫХ РАСЕЙСКІХ ПАСТАЎШЧЫКОЎ


Юлія Шарова, Менск

Супрацоўнікі Міністэрства энэргетыкі й “Белтрансгазу” сёньня ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды паведамілі, што начальства катэгарычна забараніла ім даваць у прэсу любыя камэнтары наконт сытуацыі з пастаўкамі газу. Між тым, кампанія “Транснафта”, паводле запыту якой “Газпром” спыніў учора на колькі гадзінаў пастаўку паліва ў Беларусь, выказвае жаданьне працягваць супрацоўніцтва на ранейшых умовах. Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе сказаў генэральны дырэктар кампаніі Ўладзімер Кандрачук:

(Кандрачук: ) У “Белтрансгазе” ляжыць падпісаная “Транснафтай” дамова на пастаўку ў лютым аднаго мільярда кубамэтраў газу на ранейшых умовах і па ранейшым кошце. Але “Белтрансгаз” папрасіў падпісаць кантракт толькі на 360 мільёнаў кубамэтраў, што мы й зрабілі. Нашыя прапановы пра пастаўку аднаго мільярда кубамэтраў застаюцца ў сіле”.

Пры гэтым спадар Кандрачук заўважыў, што беларускі бок ня надта ахайны ў разьліках за газ. Так, паводле кантракту, Беларусь павінна рабіць стоадсоткавую перадаплату за паліва, але выплаты ўвесь час затрымліваюцца. “Транснафта” дагэтуль не атрымала ад Беларусі больш за 16 мільёнаў даляраў за паліва, пастаўленае яшчэ ў студзені.

У кампаніі “Ітэра” таксама заяўляюць, што гатовыя працаваць зь Беларусьсю. Згодна з пагадненьнем, якое кампанія заключыла зь “Белтрансгазам” у сьнежні мінулага году, сёлета “Ітэра” павінна прадаць да 7,5 мільярда кубамэтраў паліва. 5 лютага расейцы зьвярнуліся ў “Белтрансгаз” зь лістом, у якім прапанавалі падпісаць новы кантракт, але адказ не прыйшоў дагэтуль. Пры гэтым прэсавы сакратар “Ітэры” Яўгені Астапаў сказаў пра тое, што калі беларусы тэрмінова ня вызначацца з кантрактам, то потым ім, магчыма, давядзецца купляць паліва па вышэйшых коштах.

(Астапаў: ) “Я зараз не магу назваць гэтай цаны, бо ніякія рашэньні не прынятыя, але ў сваім нядаўнім выступе старшыня праўленьня “Ітэры” сказаў, што, на жаль, лютаўскія рэсурсы газу заканчваюцца, і для Беларусі “Ітэры” давядзецца купляць газ у іншых кампаніяў. І ў зьвязку з гэтым кошт, магчыма, будзе вышэйшы”.

Яўгені Астапаў таксама адзначыў, што цяперашнія кошты на газ для Беларусі — усяго толькі “нейкая разумная норма рэнтабэльнасьці, якая робіць магчымай працу “Ітэры” як камэрцыйнай кампаніі”.

У “Газпроме” тым часам заяўляюць, што пазыцыя адносна пытаньня пра пастаўкі газу ў Беларусь застаецца нязьменнай — яго будуць прадаваць толькі па рынкавых коштах. Як заявіла Свабодзе крыніца ў “Газпроме”, ні пра якія афіцыйныя перамовы наконт паставак паліва пакуль невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG