Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСТАЎКІ РАСЕЙСКАГА ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ МОГУЦЬ СПЫНІЦЦА ЦАЛКАМ


Віктар Дзятліковіч, Масква

Беларусь вычарпала ўсе аб’ёмы газу, якія мусіла атрымаць у лютым па кантрактах з расейскімі кампаніямі “Ітэра” і “Транс Нафта”. Новыя кантракты не заключаныя, і таму газ надалей пастаўляцца ня будзе. “Транс Нафта” таксама высунула фінансавыя прэтэнзіі. Паводле прадстаўнікоў кампаніі, Беларусь вінная ёй 26 мільёнаў даляраў. Нягледзячы на гэта “Транс Нафта”, гатовая падпісаць яшчэ адзін кантракт, але беларускі бок пакуль не задавольвае кошт.

Між тым, заключэньне кантрактаў з “Ітэрай” і “Транс Нафтай” – гэта адзіная на сёньня магчымасьць забясьпечыць Беларусь газам. Перамовы з “Газпромам” зайшлі ў тупік. Намесьнік кіраўніка расейскага канцэрну Аляксандар Разанаў заявіў сёньня: “Беларускі бок працягвае настойваць на нярынкавым кошце паставак газу, які ніжэйшы за фактычны сабекошт. Але чаму “Газпром” павінен працаваць са стратамі для сябе?” Як вядома Беларусь, жадае купляць газ па 30 даляраў за тысячу кубамэтраў, а “Газпром” настойвае на 50 далярах.

Сёньня ж жорсткую пазыцыю газавага канцэрну ўскосна падтрымаў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Камэнтуючы адносіны з краінамі СНД ён заявіў, што Расея ня мусіць болей быць “дойнай каровай” для ўсіх і кожнага. “Мы маем права – сказаў Пуцін – патрабаваць улічваць нашыя інтарэсы, як мы паважаем інтарэсы нашых партнэраў”. Слова “Беларусь” у заяве Пуціна не прагучала, але было зразумела, што ён мае на ўвазе найперш менавіта расейска-беларускія адносіны.

Відавочна, што на жорсткасьць пазыцыі расейскіх уладаў паўплывалі і апошнія перамовы прэм’ер-міністраў двух краінаў па пытаньні, якое напрамую ня тычыцца паставак газу – а менавіта ўвядзеньне адзінае валюты. Раней бакі дамовіліся, што выключным правам друкаваць рублі будзе валодаць Расея. Але ў аўторак беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі выказаў іньшую пазыцыю. Беларусь зноў хоча ўплываць на працэс эмісіі. Ў выніку перамовы аб увядзеньні адзінае валюты зайшлі ў тупік, што выклікала ў Маскве абурэньне. Непасьлядоўнасьць і незгаворлівасьць беларускага боку ў валютным пытаньні адбіваецца і на перамовах аб пастаўках газу.

Раней экспэрты лічылі, што сытуацыю можа неяк выправіць сустрэча двух прэзыдэнтаў. Але пасьля сёняшняй заявы Пуціна становіцца відавочным, што Беларусі застаецца або пагадзіцца на расейскія ўмовы, або несанкцыянавана забіраць газ, які ідзе праз тэрыторыю краіны ў Эўропу. І маскоўскія экспэрты лічаць апошні сцэнар цалкам верагодным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG