Беларускія фінансавыя ўлады ўжо цяпер рыхтуюцца да таго, што з валютным саюзам давядзецца пачакаць. Паводле першага намесьніка старшыні Нацбанку Паўла Калаўра, асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі на гэты год распрацоўваліся незалежна ад таго, дамовяцца сёлета ўрады пра адзіную валюту ці не.
(Калаўр: ) “Мы ня ставілі й ня ставім сабе за мэту ўвядзеньне адзінай валюты. Адзіная валюта павінна спрыяць вырашэньню тых макраэканамічных задач, якія стаяць і перад Беларусьсю, і перад Расеяй, а таксама далейшаму паглыбленьню інтэграцыі. І безумоўна, без стварэньня неабходных эканамічных перадумоваў, увядзеньне адзінай валюты зьвязанае з пэўнымі праблемамі, якія непрымальныя для Беларусі. Таму пытаньне пра тэрмін пераходу на адзіную валюту можна і адсунуць”.
Адной з праблемаў, якая можа абвострыцца пры пераходзе на адзіную валюту, спадар Калаўр называе рэвальвацыю расейскага рубля. Так, давядзецца ўжо цяпер зьніжаць курс беларускага рубля да валюты суседняй дзяржавы значна хутчэй, чым прагназавалася.
На думку эканаміста Валера Дашкевіча, пераходу на адзіную валюту 1 студзеня наступнага году не адбудзецца: расейскія й беларускія ўлады не пасьпеюць дамовіцца пра памер кампэнсацыі па ўскосных падатках ва ўзаемным гандлі. Менавіта гэты пункт — найбольш істотны ў перамовах. Беларусь хоча атрымаць каля 2 мільярдаў даляраў ад Расеі ды яшчэ прэтэндуе на іншага кшталту фінансавую падтрымку. Таму, мяркуе Валер Дашкевіч, валютную інтэграцыю, хутчэй за ўсё, адсунуць.
(Дашкевіч: ) “Расея ня пойдзе на вялікія кампэнсацыі Беларусі, а Беларусь у сваю чаргу ня стане рызыкаваць і пераходзіць на расейскі рубель, які мае тэндэнцыю да ўмацаваньня”.
Дарэчы, на сёньняшнім паседжаньні саюзнага саўміну ў Маскве пытаньне пра пераход на адзіную валюту таксама абмяркоўвалася. Але бакі прыйшлі да высновы, што пакет пагадненьняў, неабходных для валютнай інтэграцыі, пакуль яшчэ рана зацьвярджаць на Вышэйшым дзяржсавеце гэтак званай саюзнай дзяржавы.