Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ НАЗЫВАЕ АДМОВУ БЕЛАРУСІ АД КРЭДЫТАЎ ПРЫЗНАНЬНЕМ БЕЛАРУСКАЙ УЛАДАЙ РЭАЛЬНАЙ СЫТУАЦЫІ Ў ЭКАНОМІЦЫ


Юлія Шарова, Менск

У цэлым эканамічнае становішча Беларусі экспэрты фонду ацэньваюць як стабільнае і ня бачаць ніякай небясьпекі фінансавага крызысу. Прынамсі, курс беларускага рубля робіцца ўсё больш устойлівым, інфляцыя зьніжаецца, скарачаецца перакрыжаванае субсыдаваньне ў энэргетычным сэктары.

Пры гэтым кіраўнік місіі Томас Рычардсан адзначае, што ў ацэнках макраэканамічных паказьнікаў Беларусі нямала нэгатыву. Самая высокая інфляцыя сярод краінаў СНД, больш за палову прадпрыемстваў стратныя, адсутнасьць грунтоўных рэформаў падатковай сыстэмы і сацыяльнай сфэры. Пэўны скепсыс у спэцыялістаў МВФ выклікаюць і прагнозныя паказьнікі на гэты год. Томас Рычардсан лічыць малаверагодным дасягненьне роста ВУП на 10%.

(Рычардсан: ) “ВУП — гэта нешта такое, што вы прагназуеце, як надвор’е. Вы можаце прагназаваць надвор’е, але ня можаце яго плянаваць. Мы б з задавальненьнем заплянавалі, каб заўтра быў сонечны дзень і мы маглі бы хадзіць у пінжаках. Але я думаю, што ў лютым у Менску мы ня зможам абысьціся бязь цёплых паліто. Таму ня варта ўсталёўваць мэтавы паказьнік па ВУП на 9–10%, калі рэальна можна чакаць толькі палову гэтага росту”.

Аналізуючы пэрспэктывы валютнага саюзу Беларусі й Расеі, спадар Рычардсан гаворыць, што ён можа даць і нейкі станоўчы вынік. Але трэба мець на ўвазе, што расейскі рубель можа ў хуткім часе ўмацавацца, і тады канкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі будзе страчаная.

Што да заявы беларускіх уладаў пра адмову ад крэдытаў фонду, то кіраўнік місіі МВФ пракамэнтаваў яе наступным чынам:

(Рычардсан: ) “Мы вітаем гэтае рашэньне як прызнаньне рэальнай сытуацыі. Доўгі час мы і беларускія ўлады прытрымліваліся розных поглядаў на макраэканамічную палітыку. І паколькі тут згоды не было, то дамовіцца пра крэдыт не ўяўлялася магчымым. Улады плянуюць рост ВУП да 10%, яны настойваюць на падвышэньні сярэдняга заробку да 175 даляраў, настойваюць на захаваньні права “залатой акцыі”. Для нас робіцца немагчымым весьці перамовы”.

Нагадаю: прадстаўнікі МВФ прыяжджалі ў Беларусь для ацэнкі эканамічнага стану краіны — такія маніторынгі ладзяцца штогод у кожнай дзяржаве, што ўваходзяць у арганізацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG