Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ АТРЫМАЛА ДАДАТКОВЫ ЧАС НА ВЫРАШЭНЬНЕ КАНФЛІКТАЎ З ТРАНЗЫТНЫМІ АЎТАПЕРАВОЗЧЫКАМІ


Ігар Карней, Менск

Чакалася, што санкцыі да Беларусі з боку кіраўніцтва Міжнароднага зьвязу аўтатранспарту могуць пачаць дзейнічаць ужо гэтымі днямі. Аднак стала вядома, што беларускі ўрад атрымаў адтэрміноўку да канца лютага: цягам гэтага часу Беларускі мытны камітэт павінен высьветліць адносіны з усімі краінамі, якія маюць прэтэнзіі.

Самая галоўная зь іх тычыцца грузаў, якія ідуць празь Беларусь паводле ўніфікаванай транзытнай працэдуры: тавар, які грузіцца ў краіне адпраўленьня пад наглядам мясцовых мытнікаў, павінен быць скіраваны на мытню краіны прызначэньня без дадатковых праверак у транзытных пунктах.

А менавіта гэты пункт беларускія мытнікі рэгулярна ігнаруюць. Пра гэта сьведчыць і статыстыка актыўнасьці: у 2000 годзе сканфіскавана грузаў на 16 мільёнаў даляраў, за 2003 год – ужо 70 мільёнаў даляраў.

Пасьля таго, як у 2002 годзе да літоўскіх аўтаперавозчыкаў на тэрыторыі Беларусі прымусова пачалі прыстаўляюць міліцэйскі канвой, паслугі якога трэба было аплачваць, Літва зьвярнулася ў Міжнародны зьвяз аўтатранспарту з адпаведнай скаргай. Прыканцы мінулага году ў штаб-кватэру зьвязу ў Брусэлі была скіраваная скарга ад Польшчы: маўляў, Беларусь сыстэматычна парушае патрабаваньні мытнай Канвэнцыі міжнародных дарожных перавозак, робячы незаконныя праверкі транзытных грузаў.

Тэрміновыя кансультацыі 28 студзеня паміж кіраўнікамі мытных камітэтаў Расеі і Беларусі пакуль адтэрмінавалі аналягічныя захады з расейскага боку, але Масква не перастае абурацца дзеяньнямі беларускіх мытнікаў: практычна ў кожным другім выпадку такія праверкі завяршаюцца канфіскацыяй грузаў.

Генадзь Гурскі, выканаўчы сакратар Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў, кажа: “У выпадку, калі санкцыі да Беларусі усё ж будуць прымененыя, краіна страціць шэраг стратэгічных кірункаў, а транзытныя грузы могуць пайсьці ў абыход Беларусі – праз Украіну і Літву, папаўняючы бюджэты гэтых дзяржаваў. Нарыў сьпее, і зараз застаецца толькі чакаць: лопне ён сам ці запатрабуецца ўмяшальніцтва з боку”, – канстатуе спадар Гурскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG