Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ПАТУПА: 2004 БУДЗЕ ЯШЧЭ БОЛЬШ СКЛАДАНЫМ ДЛЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Патупа: ) “Паводле нашых зьвестак, рыхтуеца ўсталяваньне мытнай мяжы з Расеяй. Гэта найперш ударыць па індывідуальных прадпрымальніках, якія прызвычаіліся перавозіць тавары для гандлю у Беларусі праз расейскую мяжу і выжываюць за кошт таго, што плацяць меншыя падаткі. Для гэтых людзей такое новаўвядзеньне будзе дастаткова небяспечным”.

Прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў Беларусі Аляксандр Патупа мяркуе, што 2004 год стане годам новых выпрабаваньняў для тых сьмелых людзей, хто рызыкнуў у Беларусі займацца бізнэсам. Паколькі слабейшымі сярод бізнэсоўцаў зьяўляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі, ім будзе сама складана. Апрача магчымых зьменаў у гандлі на ўсходнім кірунку, Аляксандр Патупа прагназуе шэраг іншых новаўвядзеньняў, якія пагоршаць прававы і матэрыяльны стан індывідуальных прадпрымальнікаў.

Прыкладам, ужо стала больш тых, ад каго улады патрабуюць ліцэнзію . Да таго ж працэдуру атрыманьня ліцэнзіі трэба завяршыць да 1 траўня, але нават тэхнічна ўкласьціся ў такія тэрміны складана, - лічыць Аляксандр Патупа і запэўнівае, што Саюз прадпрымальнікаў будзе дамагацца падаўжэньня тэрміну.

Прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў прызнае, што барацьба за вырашэньне падобных праблемаў вымагае шмат сілаў і часу, але агульнае становішча зь бізнэсам у Беларусі не выпраўляецца. “Бізнэс быў і застаецца для дзяржавы “дойнай каровай” для вырашэньня мэтаў сёньняшняга дня , а доўгатэрміновыя мэты адкладаюцца”, – кажа Аляксандр Патупа. Ён лічыць, што дасягнуць узроўню прыбыткаў і вытворчасьці, які ўласьцівы заходнім краінам, магчыма толькі ва ўмовах свабоднага рынку. Паводле назіраньняў Аляксандра Патупы, шмат хто ў кіраўніцтве краіны гэта разумее, але з палітычных прычынаў улада не йдзе на сур’ёзную лібэралізацыю эканамічнага жыцьця .

(Патупа: ) “Што такое ў нашых умовах лібэралізацыя? Гэта, па-сутнасьці, пераразьмеркаваньне часткі паўнамоцтваў, якія сёньня ёсьць у дзяржаўных ворганаў. Гэта рэзкія абмежаваньні ў трактаваньні закону, бо добрых законаў у нашай краіне напрымалі шмат, але кожны іх разумее па-свойму і адпаведна дзейнічае. Але гэта працэс з палітычнымі наступствамі, бо непазьбежна ўзьнікне і пытаньне аб непадкантрольнасьці прэзыдэнта.”

Пакуль уплывовы бізнэс і ўлада высьвятляюць адносіны, дробным гандлярам жывецца ўсё горш. Праўда, Міністэрства юстыцыі сьцьвярджае, што ў Беларусі такіх прадпрымальнікаў стала амаль на 10 працэнтаў больш. Аляксандр Патупа патлумачыў гэты парадокс тым, што ў 2003 годзе пасьля чарговага прэзыдэнцкага дэкрэту, якім абмежавалі колькасьць нанятых працаўнікоў, гэтыя людзі вымушаныя былі аформіцца як індывідуальныя прадпрымальнікі . “Аднак для іх нічога не зьмянілася, гэта зусім ня рост прыватнага бізнэсу, а наадварот, паказьнік новага ціску дзяржавы”, - лічыць Аляксандр Патупа.

(Станкевіч: ) “Апошнія некалькі тыдняў усе калідоры Віцебскага абласнога гаспадарчага суду запоўненыя прыватнымі прадпрымальнікамі. Абсалютная большасьць гэтых людзей гандлюе па сваіх гарадох ды мястэчках самым звычайным рынкавым таварам – расейскім цукрам, украінскімі цукеркамі або танным кітайскім адзеньнем. Агульная ж праблема, якая прывяла іх цяпер у Віцебск – гэта няўплата сацыяльнага падатку. Раённыя падатковыя службы ад пачатку гэтага году перадалі ў абласны гаспадарчы суд некалькі соцень справаў, каб спагнаць грошы ў дзяржаўны бюджэт з кожнага, хто толькі зарэгістраваны ў якасьці прадпрымальніка.

Аляксей Краснадубскі прыехаў у Віцебск з Глыбокага. Дакладней, яго прывезьлі, бо з прычыны траўмаў абедзьвюх ног ён перасоўваецца вельмі марудна, толькі зь кіёчкам. Апошнія паўтара году ён не працуе, бо ня мае фізычнае магчымасьці ажыцьцяўляць прадпрымальніцкую дзейнасьць. Але падатковыя інспэктары вырашылі, што гэта ня мае значэньня, не зважаючы нават на тое, што няшчасны выпадак са спадаром Краснадубскім здарыўся ў траўні 2002-га году, а Дэкрэт прэзыдэнта пра абавязковае сацыяльнае страхаваньне выйшаў толькі ў ліпені.

Гаворыць спадар Краснадубскі.

(Краснадубскі: ) “Я ўжо ляжаў у шпіталі і лячуся дагэтуль: у мяне пераломы абедзьвюх бярцовых костак. Як тут можна працаваць? Зрасталася ўсё вельмі марудна, і вось што з гэтага ўрэшце рэшт атрымалася, калі справа дайшла да грошай. Мне палічылі падаткі за ўвесь гэты час, налічылі 700 тысячаў, і цяпер во даводзіцца хадзіць па судох, а не да дактароў!”

У часе першага ж судовага пасяджэньня высьветлілася, што Глыбоцкая падатковая інспэкцыя ня мела рацыі, і што дзеля судовае спрэчкі на сваю карысьць спадару Краснадубскаму варта прадставіць адпаведныя даведкі пра стан свайго здароўя. Аднак вырашэньне сваёй асабістай праблемы Аляксей Краснадубскі ня лічыць самым жаданым вынікам: неўзабаве ён мяркуе вярнуцца да свае прадпрымальніцкае дзейнасьці, а сыстэма сацыяльнага падаткаабкладаньня не задавальняе яго ў той самай ступені, як і ўсіх тых прадпрымальнікаў, каго ён сустрэў у судовых калідорах.

(Краснадубскі: ) “Усе абураюцца, усе! Сем чалавек толькі з Глыбокага прыехалі судзіцца! Ва ўсёй Беларусі суды запоўненыя прадпрымальнікамі! Ды мы ня супраць плаціць сацыяльны падатак, але ж ня тыя 36%! Няхай гэта будуць 10 тысячаў. Усе б тады плацілі, і не было б ніякіх праблем, і грошы ў бюджэт хутчэй даходзілі, чым так, калі з нас выціскаюць гэтыя капейкі… Дэпутаты, а дзе ж вы падзеліся? Калі мы вас абіралі, дык вы прыяжджалі, шмат усяго абяцалі. А цяпер дзе вы?”



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG