Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЁСЬЦЬ АЛЬТЭРНАТЫВА РАСЕЙСКАМУ ГАЗУ?


Валер Каліноўскі, Менск

Пра вынікі перамоваў Пятра Пётуха і старшыні “Газпрому” Аляксея Мілера ў Маскве пакуль невядома. Затое зьявілася інфармацыя аб тым, што Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся перайсьці на рынкавыя адносіны пры падпісаньні кантракту на пастаўку газу. Ён сказаў гэта ў нядаўняй тэлефоннай размове з Уладзімерам Пуціным. Апошні падчас нарады з расейскім урадам даручыў разгледзець магчымасьць выдзяленьня міжурадавага крэдыту дзеля таго, каб беларускія спажыўцы змаглі перайсьці на рынкавыя кошты газу.

У “Газпроме” гатовыя аднавіць свае пастаўкі ў Беларусь, якія былі спыніліся 1 студзеня, толькі пасьля падпісаньня кантракту на рынкавых умовах паводле прымальнага для “Газпрому”кошту 50 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў газу. Беларускі бок настойвае на кошце газу 40–41 даляр. Нявырашанае і пытаньне тарыфаў на аплату транзыту расейскага газу празь Беларусь.

Дадатковыя кантракты з кампаніямі “Ітэра” і “Транснафта” на пастаўку газу былі заключаныя 24 студзеня “Белтрансгазам” толькі да 29 студзеня. Пасьля гэтай даты зноў можа ўзьнікнуць пагроза спыненьня паставак газу беларускім спажыўцам. За апошнія гады беларускі бок прызвычаіўся да таннага расейскага газу, і цяпер, каб засьцерагчыся ад паўтарэньня падобных сытуацыяў, Менск павінен думаць аб пошуку альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі, лічаць незалежныя экспэрты. У прыватнасьці, колішні супрацоўнік Мінэнэрга Валянцін Мацкевіч мяркуе, што альтэрнатывай можна рэальна разглядаць туркмэнскі газ, які ўжо купляе суседняя Ўкраіна. Ды туркмэнскі газ ужо прыйшоў у Беларусь:

(Мацкевіч: ) “Гэтым займаецца, дарэчы “Ітэра”, і асноўны яе рэсурс — гэта туркмэнскі газ. Гэтыя варыянты заўсёды разглядаліся і ўлічваліся. І Мінэканомікі гэта пралічвала, і ўрад. Але ўлічваўся і цэнавы фактар, таму як больш выгадны заўсёды ішоў газ з “Газпрому”. Ну а другая альтэрнатыва — гэта мазут. Раней доля паліўнага мазуту ў энэргетыцы і ў камунальнай гаспадарцы была большая. Але за апошні час з 1994 году значны перакос пайшоў на прыродны газ. Гэтым мы паставілі сябе фактычна на наркатычную іголку. І такім чынам, атрымліваецца, што ў такой сытуацыі, калі сядзіш на адной крыніцы, то робісься вельмі безабаронны”.

Паводле Валянціна Мацкевіча беларускі ўрад ужо прымаў пастанову аб дывэрсыфікацыі паліўных рэсурсаў, у тым ліку за кошт мазуту і мясцовых відаў паліва. Незалежны эканаміст Леанід Заіка таксама мяркуе, што Беларусі неабходна паменшыць залежнасьць ад расейскага газу, як гэта зрабілі раней Польшча, Чэхія, што цяпер купляюць нарвэскі газ. Беларусь, відаць, ня здольная плаціць за газ з Нарвэгіі, але ў гэтай справе могуць дапамагчы ішыя працэсы. Гаворыць Леанід Заіка:

(Заіка: ) “У найбліжэйшыя гады павінна адбыцца вельмі важная рэч, у нейкай ступені гэта можна назваць дэманапалізацыяй газавай прасторы Расеі. Канечне, рвецца туркмэнскі газ на постсавецкую парстору, яго, зразумела, не пускае Расея, якая хоча тут заставацца манапалістам, але гэтую манаполію будуць разбураць і каўкаскія рэспублікі, і Ўкраіна. І калі ў Беларусі хопіць волі займацца такімі моцнымі інтрыгамі, то і Беларусь”.

Леанід Заіка кажа, што гэтыя камбінацыі маюць пэрспэктыву, гэта разумеюць і ва ўрадзе Беларусі, бо беларускі бок навязвае кантакты з туркмэнскім кіраўніцтвам з гэтай нагоды. Уся праблема тут толькі ў сродках дастаўкі — трубапровадах. З гэтым пагаджаюцца і ў “Белтрансгазе”, прэсавы сакратар кампаніі Таіса Бародзіч:

(Бародзіч: ) “Калі нават нейкія кантракты будуць і падпісаныя з кімсьці і калі-небудзь, то пытаньне гэтае будзе вырашацца і з “Газпромам” таксама. Таму што патрэбны доступ да трубы. Гэта тое самае, што і зь незалежнымі — зь любымі пастаўцамі”.

Таіса Бародзіч упэўненая, што ў найбліжэйшы час “Газпром” застанецца манапалістам для Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG