Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЗЫЦЫЯ РАСЕІ Ў ПЫТАНЬНІ ПАСТАВАК ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ ЗАСТАЕЦЦА НЯЗЬМЕННАЙ


Віктар Дзятліковіч, Масква

Прадстаўнікі “Газпрому” сёньня пацьвердзілі сваё рашэньне спыніць усе пастаўкі газу для Беларусі з 24 студзеня. Намесьнік старшыні праўленьня “Газпрому” Аляксандар Разанаў заявіў: “Нам незразумела, чаму Расея павінна быць дойнай каровай для нашых партнэраў. “Газпром” ужо некалькі год выдае датацыі беларускай эканоміцы і бюджэту, бо пастаўляе газ са стратамі для сябе і ня мае нічога ўзамен”.

Нагадаю, што ўласна “Газпром” не пастаўляе ў Беларусь газ ужо амаль месяц. Замест яго гэта рабілі незалежныя расейскія кампаніі “Ітэра” і “Транс-Нафта”, якія карысталіся трубапровадамі “Газпрому”. Аднак пагадненьне беларускага ўраду з гэтымі кампаніямі таксама скончылася 16 студзеня.

Кампанія “Ітэра” гатовая аднавіць пастаўкі газу ў Беларусь, але толькі пасьля падпісаньня новых кантрактаў. У прэс-службе “Ітэры” карэспандэнту Радыё Свабода паведамілі, што сёньня адпаведныя перамовы зь беларускім бокам вяліся, але станоўчы вынік пакуль не дасягнуты.

Справа ў тым, што недзяржаўныя расейскія кампаніі заўжды прадавалі газ па сусветных коштах і не зьбіраюцца адыходзіць ад сваіх пазыцыяў.

Расейскія назіральнікі зьзязваюць сёньняшнюю сытуацыю з палітычным канфліктам паміж прэзыдэнтамі Беларусі і Расеі. У Маскве ўзгадваюць, што яшчэ ў верасьні мінулага году на сустрэчы ў Сочы Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін дамовіліся, што газ у Беларусь будзе пастаўляцца па рынкавых коштах. Аднак потым Лукашэнка адмовіўся выконваць тыя дамоўленасьці. Адзін з кіраўнікоў “Газпрому” Аляксандар Разанаў заявіў сёньня, што “беларускі бок адкрыта сабатуе падпісаньне кантракту на пастаўку газу ў 2004 годзе на рынкавых умовах”. Замест гэтага Беларусь жадае атрымліваць газ па ўнутрырасейскіх коштах.

Акрамя таго расейскія экспэрты ўпэўненыя што спыненьне паставак газу ёсьць ціскам Расеі на сытуацыю вакол “Белтрансгазу”. “Газпром” хоча набыць кантрольны пакет акцыяў гэтай кампаніі за 306 мільёнаў даляраў, а Беларусь патрабуе за іх болей аднаго мільярду даляраў. Былы сьпікер Дзяржаўнай Думы Расеі Генадзь Селязнёў сёньня заявіў, што спыненьне паставак газу выглядае як “ультыматум Беларусі”. А газэта “Коммерсант” прыводзіць словы ананімнага чыноўніка расейскага ўраду – “Як толькі Беларусь пагадзіцца прадаць 51% акцыяў “Белтрансгазу” за 306 мільёнаў даляраў, рэспубліка пачне атрымліваць газ па коштах пятага поясу Расеі”.

Усе маскоўскія назіральнікі сыходзяцца на думцы, што сытуацыя можа вырашыцца толькі на палітычным узроўні. Таму прадказваюць, што хутка ў Маскву прыедзе Аляксандар Лукашэнка. І ніхто ў Маскве не сумняецца, што да таго часу Беларусь будзе незаконна карыстацца газам, які ідзе празь Беларусь у эўрапейскія краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG