Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАЗПРОМ” СПЫНІЎ ПАСТАЎКІ ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ


Валер Каліноўскі, Менск

Перамовы наконт прыватызацыі “Газпромам” “Белтрансгазу” безвынікова працягваліся да апошніх дзён сьнежня і плаўна перайшлі ў новы год. Расейскі бок па-ранейшаму жадае набыць кантрольны пакет акцыяў беларускага газатранспартнага прадпрыемства паводле ня рынкавага, а балянсавага кошту, гэта значыць, амаль у 10 разоў таньней, чым хоча за акцыі Беларусь. Дабіваючыся саступак ад ураду Беларусі, “Газпром” наўпрост зьвязаў з гэтай праблемай і падпісаньне кантракту на 2004 год. Гаворыць кіраўнік прэсавай службы “Газпрому” Ігар Валабуеў:

(Валабуеў: ) “Тлумачу сытуацыю: у нас кантракт на пастаўку газу ў Беларусь скончыўся 31 сьнежня. Новы кантракт яшчэ пакуль не падпісаны. А калі няма кантракту, мы ня можам пастаўляць газ у Беларусь. Перамовы аб умовах пастаўкі газу і аб умовах стварэньня сумеснага прадпрыемства працягваюцца. Пакуль кантракт не падпісаны, будуць пастаўляюць газ у Беларусь незалежныяы пастаўшчыкі — гэта “Транснафта” і “Ітэра”.

Паводле Ігара Валабуева, “Газпром” вызначыў аб’ём паставак газу незалежнымі кампаніямі ў Беларусь на студзень у памеры двух мільярдаў кубамэтраў, паколькі гэты газ усё роўна ідзе праз газпромаўскія трубапровады. Калі і якім чынам завершацца газавыя перамовы зь беларускім урадам, у штаб-кватэры “Газпрому” камэнтаваць не бяруцца.

Намесьнік генэральнага дырэктара “Белтрансгазу” Валеры Загародзін паведаміў, што ў студзені газ у Беларусь пастаўляецца паводле ранейшых коштаў незалежных кампаніяў-вытворцаў газу — 46,68 даляра за тысячу кубамэтраў. Паводле спадара Загародзіна, цяперашняга ліміту паставак газу на студзень (2 мільярды кубамэтраў) для Беларусі дастаткова, у лютым і сакавіку, відавочна, прадоўжацца пастаўкі менавіта незалежных кампаніяў, але называць іх незалежнымі ад “Газпрому” можна толькі ўмоўна, мяркуе спадар Загародзін.

(Загародзін: ) “Што, хіба “Транснафта” — вытворца газу? Перакупнік. Ну, ня будзем казаць, што гэта даччыныя прадпрыемствы “Газпрому”, даччыныя ў юрыдычным пляне іншымі якасьцямі павінны валодаць. Але тое, што гэта афіліяваная структура з “Газпромам”, у гэтым можна не сумнявацца”.

У выніку сёлета паўтарылася сытуацыя 1999 году, калі кантракт на пастаўкі газу “Газпромам” таксама ня быў падпісаны да новага году. Праўда, тады “Газпром” быў адзіным пастаўшчыком газу ў краіну, і тады для Беларусі зьніжаўся кошт на газ з 50 да 30 даляраў за тысячу кубамэтраў. Цяпер жа размова ідзе аб адваротным працэсе, аб падвышэньні коштаў на газ да рынкавых. Чарговыя кансультацыі наконт газавых узаемаадносінаў Беларусі і Расеі чакаюцца ў наступны панядзелак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG