Найбольш грунтоўны артыкул пра апошнія захады Эўразьвязу ў справе Беларусі зьмяшчае аўтарытэтны штодзёньнік “Rzeczpospolita”. Паводле газэты, празь некалькі месяцаў эўрапейскі рынак амаль што напэўна будзе закрыты для беларускіх тавараў.
“Rzeczpospolita” піша, што да гэтага часу Брусэль ніколі ня ставіўся да афіцыйнага Менску так жорстка. Эканамічныя санкцыі будуць значна больш адчувальныя, чым, прыкладам, уведзеная некалькі гадоў таму забарона на ўезд у краіны Аб’яднанай Эўропы для кіраўніка беларускай дзяржавы і ягоных найбліжэйшых паплечнікаў.
“Калі Эўразьвяз пазбавіць Беларусь спрыяльных экспартных тарыфаў, дык пошліны на беларускія тавары падвысяцца ўдвая, а гэта значыць, што гэтыя тавары практычна зьнікнуць з эўрапейскага рынку”, – піша “Rzeczpospolita”.
Газэта падае таксама словы аднаго з эўрапейскіх чыноўнікаў, які заявіў, што Брусэль не баіцца адказу з боку Менску, прыкладам, у выглядзе блякаваньня транзыту паміж Эўразьвязам і Расеяй, бо “гэтага не дазволіць зрабіць Масква”.
Варта адзначыць, што магчымыя санкцыі супраць Беларусі будуць каштаваць Польшчы каля 350 мільёнаў эўра гандлёвых абаротаў штогод – рэзка спыніцца даволі хуткі рост аб’ёмаў польска-беларускага гандлю, што быў адзначаны летась.
“Аднак, Варшава як будучы сябра Эўразьвязу ў справе санкцыяў будзе дзейнічаць цалкам у адпаведнасьці з пастановай Эўрапейскай камісіі”, – адзначае “Rzeczpospolita”.