Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕТАСЬ БЕЛАРУСКІЯ БАНКІ ДАМАГЛІСЯ ЗНАЧНАГА ПРЫРОСТУ ЎКЛАДАЎ НАСЕЛЬНІЦТВА Ў НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ВАЛЮЦЕ


Юлія Шарова, Менск

Эканаміст Валер Дашкевіч не адмаўляе таго, што беларускія банкіры сапраўды дасягнулі значных посьпехаў, дзякуючы захадам Нацбанку. Але ж ён лічыць, што пакуль казаць пра перамогу беларускага рубля над далярам ці эўра яшчэ рана. Калі раптам ўзьнікнуць нейкія трывогі сярод насельніцтва, яно рынецца за сваімі грашыма ў банкі. Падставаў жа для такіх трывог пакуль дастаткова. Напрыклад, Нацбанк ўвесь час зьніжае стаўку рэфінансаваньня, і ўкладнікі засьцерагаюцца, што раптам зноў пачне расьці інфляцыя ды зьнішчыць іхныя ўклады. Таму, на думку экспэрта, казаць пра поўную стабільнасьць пакуль не выпадае.

(Дашкевіч: ) “Адзін-два гады ўдалай грашовай палітыкі ня значаць, што большая частка насельніцтва, асабліва высокаадукаваная й занятая ў прыватным бізнэсе, будзе давяраць нацыянальным грошам. Самі разумееце, што сёньня ёсьць адзін кіраўнік Нацыянальнага банку, ёсьць кіраўнік дзяржавы, які ўсім распараджаецца. Трэба, каб зьмянілася некалькі кіраўнікоў, якія будуць праводзіць адну й тую ж палітыку, скіраваную на ўмацаваньне стабільнасьці нацыянальных грошай. І толькі празь некалькі дзесяцігодзьдзяў насельніцтва зможа цалкам давяраць гэтай валюце”.

Тое, што беларусы не давяраюць сваёй валюце, можна ўбачыць і па такіх лічбах. Валер Дашкевіч гаворыць, што на сёньняшні дзень на руках у насельніцтва знаходзяцца каля 2,5 мільярдаў даляраў, а ў банкаўскай сыстэме, калі палічыць уклады ва ўсіх валютах, атрымаецца толькі каля 500 мільёнаў даляраў. То бок, у “зялёных панчохах” грошай разоў у пяць болей, чым у афіцыйнай банкаўскай сыстэме.

Дарэчы, мінакі, зь якімі я гутарыла на менскіх вылуцах, збольшага зь недаверам ставяцца да айчыннай банкаўскай сыстэмы.

(Спадар: ) “У нас вельмі клапатлівы прэзыдэнт, які лічыць усе нашыя грошы”.

(Спадар: ) “Цяпер, у прынцыпе, давяраю. Ня ўсім, а дзяржаўным. “Беларусбанк”, “Зьнешэканомбанк” – тыя, якія падтрымлівае дзяржава. Астатнім, напэўна, не”.

(Хлопец: ) “Напэўна, нейкія справы, зьвязаныя з банкам, я рабіць буду, але ашчаджаць грошы – не”.

(Спадарыня: ) “Давяраю, але няма чаго захоўваць”.

(Спадарыня: ) “Хацелася б, але ёсьць недавер у зьвязку з тым, што й раней клала, і дзяцей страхавала. Атрымалася так, што ўсё, як кажуць, накрылася”.

(Спадар: ) “У мяне няма чаго захоўваць”.

(Карэспандэнт: ) “А ў прынцыпе вы лічыце надзейнымі беларускія банкі?”

(Спадар: ) “Нічога не лічу надзейным. У гэтым жыцьці няма поўнай упэўненасьці”.

(Спадар: ) “Не, не давяраю, бо наш прэзыдэнт прымушае банкі велічэзныя сродкі кідаць у сельскую гаспадарку. Банкі гэтыя грошы практычна сьпісваюць. Таму любы банк у любы момант можа папросту накрыцца. Лукашэнку здымуць – і банкі пасыплюцца, бы яблыкі з дрэва”.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што беларусы яшчэ доўга будуць аддаваць перавагу “зялёным панчохам” перад банкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG