Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНТРАКТ НА ПАСТАЎКУ ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ ПАКУЛЬ ПАДПІСАНЫ ТОЛЬКІ “ГАЗПРОМАМ”


Валер Каліноўскі, Менск

Як зазначыў прэсавы сакратар старшыні “Газпрому” Аляксея Мілера Сяргей Купрыянаў, падпісаньне кантракту на пастаўку газу ў Беларусь цяпер магчымае “толькі на камэрцыйных умовах”. Гэта значыць, па кошце 50 даляраў за тысячу кубамэтраў, што на 20 даляраў вышэй за цану, якая дзейнічала сёлета. Паводле спадара Купрыянава, раней падрыхтаваны тэкст кантракту ўжо падпісаны кіраўніцтвам расейскага газавага манапаліста і перададзены на падпісаньне беларускаму боку. У Савеце Міністраў Беларусі адмаўляюцца камэнтаваць гэтую сытуацыю, зазначаючы толькі, што кантракт пакуль не падпісаны і перамовы з Расеяй працягваюцца.

Пры гэтым “Газпром” паказаў, што цалкам кантралюе сытуацыю і ў кантактах Беларусі зь незалежнымі кампаніямі-пастаўцамі газу. І таму, напрыклад, “Ітэра”, якая мае намер далей супрацоўнічаць зь Беларусьсю, дагэтуль таксама не змагла заключыць катракту на пастаўкі газу ў новым годзе. Усё гэта ставіць пад пагрозу бесьперабойныя пастаўкі газу.

Тым часам, сёньня ўсё кіраўніцтва “Белтрансгазу” ўзяло тайм-аўт у перамовах наконт падпісанньня кантракту з “Газпромам”. Генэральны дырэктар “Белтрансгазу” Пётар Пётух і ягоныя намесьнікі, якія ўдзельнічалі ў перамовах, вярнуліся ў Беларусь і сёньня цэлы дзень знаходзіліся ў вёсцы Гердуцішкі Маладэчанскага раёну. Там на базе адпачынку “Белтрансгазу” праводзіўся першы агульны сход акцыянэраў. У парадку дня былі пераважна рабочыя пытаньні. Ніякіх статутных зьменаў у сувязі з магчымым удзелам у акцыянэрным таварыстве “Газпрому” не прадугледжваецца, — паведамілі ў дырэкцыі кампаніі.

Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што Беларусі ўсё ж удасца пазьбегнуць прыпыненьня паставак расейскага газу ў новым годзе, але пагадзіцца на прапанаваныя “Газпромам” рынкавыя ўмовы давядзецца, — будзе дзейнічаць так званы ўкраінскі варыянт. Гэта будзе каштаваць бюджэту краіны дадатковыя 260 мільёнаў даляраў. Гаворыць Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Таму беларускі бок ставіць сябе ў вельмі такое няздарнае становішча. Я думаю, што ён зьмірыўся ўжо з тым, што газ будзе за 50 даляраў. І тут найбольш балючае пытаньне ў тым, што бюджэт Беларусі зыходзіць з цаны на газ 30 даляраў. І тое, што выканаць бюджэтныя абавязацельствы будзе вельмі складана, і 10-адсоткавы рост ВУП таксама будзе вельмі цяжка выканаць. Вось гэта той галаўны боль, які цяпер турбуе беларускі ўрад і Лукашэнку. Але яны самі загналі сябе ў гэтае становішча”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG