Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КРЫНІЦА” АДДАЛА ПАЗЫКУ ПАД ПАГРОЗАЙ АРЫШТУ МАЁМАСЬЦІ


Юлія Шарова, Менск

Сваю даўнюю пазыку расейскай “Балтыцы” “Крыніца” выплаціла за два дні да чарговага разбору ў Краснадарскім арбітражным судзе ў справе арышту маёмасьці беларускага заводу. Расейскія інвэстары, якія цягам двух гадоў дамагаліся вяртаньня ўкладзеных у мадэрнізацыю беларускага заводу 10,5 мільёнаў даляраў, вымушаныя былі пайсьці на такі скрайні крок.

Дагэтуль “Балтыка” выйгравала ўсе судовыя справы супраць “Крыніцы”, аднак беларусы не сьпяшаліся вяртаць грошай. Паводле словаў кіраўніка прэсавай службы кампаніі “Балтыка” Аляксея Кедрына, цяпер істотных прэтэнзіяў да “Крыніцы” яны ня маюць. Тым ня меней, расейскія інвэстары лічаць, што даўжнік павінен выплаціць ім яшчэ й працэнты па крэдыце, які трэба было вярнуць яшчэ два гады таму.

(Кедрын: ) “Цяпер мы й “Крыніца” паміж сабой высьвятляем дакладную суму агульнай запазычанасьці. Бо мінуў час з моманту заканчэньня тэрміну выплаты пазыкі, ёсьць сыстэма пэняў. Цяпер нам трэба зафіксаваць нейкую суму, якую абодва бакі будуць лічыць законнай. Казаць пра тое, што пазыка цалкам выплачаная ці пра тое, што мы ня маем ніякіх прэтэнзіяў да беларускага боку, яшчэ рана”.

Прадстаўнікі “Крыніцы” пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў на гэты конт. Старшыня назіральнай рады акцыянэрнага таварыства Юры Сьлепіч, аднак, заяўляў у інтэрвію Свабодзе, што ўся сума, якую “Балтыка” выйграла ў судзе, цалкам выплачаная.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што Беларусь папросту сутыкнулася з практыкай прыняцьця судовых рашэньняў на карысьць прыватнага бізнэсу — зьявы, даволі характэрнай для цяперашняй Расеі. Там, паводле словаў экспэрта, даўно навучыліся абараняць свае капіталы.

(Заіка: ) “Беларусі папросту паказалі, што ў Расеі ўжо існуюць мэханізмы, пры дапамозе якіх можна зусім дакладна і правільна, выкарыстоўваючы каноны міжнароднага права, дамагацца кампэнсацыі нанесеных стратаў. І Беларусь тут села ў лужыну. Урад на што пайшоў? На тое, каб залезьці ў кішэнь падаткаплатнікаў, даць крэдыт і зь бюджэтных грошай, з падаткаў аплачваць глупствы нашых суб’ектаў гаспадараньня”.

Практыку такога кшталту крэдытаваньня спадар Заіка лічыць занадта выгаднай для “Крыніцы” ды прыкрай для бюджэту, бо падаткаплатнікі не павінны даваць сваіх грошай на такія патрэбы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG