Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АД НОВАГА ГОДУ Ў БЕЛАРУСІ Ў 1,5 РАЗУ ВЫРАСТУЦЬ КОШТЫ НА ДРАЎНІНУ


Ігар Карней, Менск

Галоўны эканаміст аддзелу паліва Менскага аблвыканкаму Вольга Міхайлава пацьвярджае, што падвышэньне коштаў на дровы плянавалася яшчэ раней. Як адрэагуюць цэны на новую ўрадавую ініцыятыву, пакуль дакладна не падлічана.

(Міхайлава: ) “У квітку на права пілаваньня лесу асобна ідзе “дзелавая” драўніна і асобна — дровы. Але “дзелавой” драўніны вельмі мала. Тым ня меней, дровы будуць даражэць, бо мы зьбіраемся падвышаць кошты. У нас кошт будзе расьці фіксавана: на тысячу рублёў падаражэе складамэтар расьпілаваных дроваў — ад 3,5 тысяч рублёў да 4,5 тысяч. Цяпер норма на адно домаўладаньне — 7 складзкіх мэтраў. Але маецца на ўвазе, што ёсьць домаўладаньне ў наяўнасьці, г.зн. чалавек прапісаны, мае паліўную кніжку… Бяз гэтых дакумэнтаў дровы будуць прадавацца паводле свабоднага кошту”.

Тым часам, вясковыя пэнсіянэры ўжо прызвычаіліся дакладна падлічваць выдаткі і на ацяпленьне хаты, і на абагрэў дапаможных памяшканьняў. Вясковая гаспадарка патрабуе нямала цяпла. Спадарыня Людміла, якая жыве адна, кажа, што выдаткі на ацяпленьне ў ейным буджэце найбольшыя. У выпадку, калі кошты на дровы (якія пакуль што крыху меншыя, чым на торф) будуць расьці і надалей, давядзецца яшчэ болей ашчаджаць пэнсію, каб узімку не замерзнуць.

(Людміла: ) “Трэба ўсе печы прапаліць, сьвіньням бульбы зварыць. І калі торфу няма, то трэба шмат дроваў. Для зімы — каля 20 складамэтраў, а гэта звыш 400 тысяч рублёў. Цэлы год трэба пэнсію адкладаць, каб потым яе пусьціць “на дым”, больш ні на што не застаецца. Ходзяць чуткі, што кошт дроваў павялічыцца, а значыць, пэнсіі ніякай ня хопіць, каб абагрэць дом. Так што давядзецца жыць і ў голадзе, і ў холадзе. Зрэшты, можна замовіць дровы наўпрост у лясьніцтве, але ж трэба кагосьці наняць гэтыя калодачкі пасекчы — калодкамі ж паліць ня будзеш. А гэта таксама выдаткі. Так што, ня так усё проста — і хату абагрэць, і гаспадарку ўправіць”.

Зрэшты, меркаванае падвышэньне коштаў на дровы зачэпіць ня толькі ўласьнікаў дамоў. На ацяпленьне дровамі перайшлі і многія ведамасныя кацельні, асабліва калгасныя, якім купляць вугаль занадта дорага. Але, каб добра абагрэць стандартную школу, трэба штодня спальваць найменей машыну дроваў. На практыцы ж, калі бюджэтныя вясковыя ўстановы вымушаныя ашчадна ставіцца да розных выдаткаў, машыну дроваў разьмяркоўваюць на цэлы тыдзень. Таму і халодна ў школах, шпіталях, установах культуры.

Год таму, калі ў беларускага кіраўніцтва ўзьнік газавы канфлікт з “Газпромам” у пытаньнях пастаўкі ў Беларусь газу, міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандар Мількота заявіў: маўляў, ня трэба страшыць людзей газавай блякадай — у нас поўна дроваў. Насамрэч, хай сабе і ўласная, але такая паліўная сыравіна як дровы, таксама зусім ня танная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG