Спадар Сідорскі паводле пасады ёсьць кіраўніком Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця ад Беларусі, якая трымае сяброўства ў гэтым банку. Таму ён можа рэгулярна наведваць лёнданскую штаб-кватэру ЭБРР. У самім банку кажуць, што ня варта надаваць вялікай ўвагі візыту кіраўніка беларускага ўраду. Прадстаўнік ЭБРР Джэс Сынх заявіў:
(Сынх: ) “Я магу пацьвердзіць, што выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Беларусі сёньня зьявіўся ў нашым банку, ён прыехаў зь візытам, і гэта візыт на ягоную просьбу. Ён сустрэўся з прэзыдэнтам банку ды іншымі кіраўнікамі. Паўтаруся: гэта візыт на ягоную просьбу, і мэтай было абмеркаваць інвэстыцыйны клімат у Беларусі”.
Офіс прэзыдэнта ЭБРР Жана Лем’ера нават адмовіўся выпускаць прэсавы рэліз пра сустрэчу зь Сяргеем Сідорскім. Хаця напярэдадні беларускі бок паведамляў, што адбудуцца перамовы наконт шырокага кола эканамічных і фінансавых пытаньняў – вынікаў цяперашняй стратэгіі банку адносна Беларусі ды напрамкаў новай стратэгіі на найбліжэйшую пэрспэктыву. У тым ліку плянавалася абмеркаваць тэму новай крэдытнай лініі для малых і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі й пашырэньня колькасьці беларускіх банкаў, якія бяруць удзел у гэтай крэдытнай лініі. Але супрацоўнік прэсавай службы ЭБРР Джэс Сынх пракамэнтаваў гэтыя заявы наступным чынам:
(Сынх: ) “Мы дагэтуль дзейнічаем паводле леташняй стратэгіі, згодна зь якой мы абмежаваныя ў нашых інвэстыцыях толькі прыватным сэктарам”.
У аўторак Сяргей Сідорскі сустрэнецца з выканаўчымі дырэктарамі ЭБРР, у тым ліку ад Эўрапейскага Зьвязу й ЗША. Беларуская дэлегацыя зьбіраецца абмеркаваць з прадстаўнікамі банку менавіта палітычныя пытаньні, якія замінаюць разьвіцьцю супрацоўніцтва, а менавіта – цяперашні стан дачыненьняў з такімі палітычнымі арганізацыямі, як АБСЭ й Рада Эўропы, а таксама з Міжнародным валютным фондам, Усясьветным банкам, Усясьветнай гандлёвай арганізацыяй. Плянуецца запрасіць сябраў Рады дырэктараў Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця ў Беларусь у траўні наступнага году.
Раней гэты банк заяўляў, што скарачае сваю дзейнасьць у Беларусі на знак пратэсту супраць адмовы краіны праводзіць палітычныя і эканамічныя рэформы. Новая стратэгія банку, якая была абвешчаная ў 2002 годзе на штогадовай сэсіі ЭБРР у Бухарэсьце, выцякае з аналізу яго дзейнасьці ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія не былі прызнаныя дэмакратычнымі.
Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця тлумачыў, што з часу правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў ён не заўважыў ніякіх сьведчаньняў адданасьці Беларусі прынцыпам шматпартыйнай дэмакратыі. У Беларусі, гаворыцца ў стратэгіі банку, эканамічны пераходны працэс быў падарваны сыстэмай цэнтралізаванага кіраваньня эканомікай, і такое становішча захоўваецца.
ЭБРР ня ёсьць буйным інвэстарам у эканоміку Беларусі. Пачынаючы з 1991 году, ён выдаткаваў Беларусі крэдытаў на агульную суму 200 мільёнаў эўра, у той час як усе краіны Ўсходняй Эўропы і былога Савецкага Саюзу атрымалі дапамогу на суму 10 мільярдаў эўра. Гэта значыць, што доля Беларусі склала ўсяго 2%.