Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНЦЭРН “ІКЕА” СПАДЗЯЕЦЦА ВЯРНУЦЦА ДА ПРАЕКТУ БУДАЎНІЦТВА Ў БЕЛАРУСІ ДРЭВААПРАЦОЎЧАГА КАМБІНАТУ


Юлія Шарова, Менск

Беларускаму праекту кампаніі “Швэдвуд”, якая ўваходзіць у склад канцэрну “ІКЕА”, больш за пяць гадоў. Кампанія плянавала пабудаваць у Полацкім раёне дрэваапрацоўчы камбінат з замкнёным колам вытворчасьці, скіраваны на выпуск мэблі. Як меркавалі аўтары ідэі, прадукцыю камбінату амаль цалкам можна было накіроўваць на экспарт. Прадпрыемства дало бы 900 новых працоўных месцаў і прынесла б за дзесяць год падаткаў на 44 мільёны даляраў. У будаўніцтва камбінату швэды хацелі ўкласьці да 25 мільёнаў даляраў.

Але рэалізацыя праекту спынілася з прычыны пазыцыі канцэрну “Беллеспаперапрам”. Там палічылі, што праект балюча адаб’ецца на мясцовых лесанарыхтоўшчыках: швэдзкая кампанія хацела сама нарыхтоўваць сыравіну для сваіх патрэбаў, і такім чынам паслугі беларускіх лесарубаў былі б незапатрабаваныя. У выніку кіраўніцтва кампаніі “Швэдвуд” прыняло рашэньне замарозіць праект.

Але канцэрн “ІКЕА” ўсё яшчэ не губляе надзеі гэты праект узнавіць. Гаворыць кіраўнік прадстаўніцтва канцэрну Штэфан Калеціч:

(Калеціч: ) “Пасьля таго, што адбылося, беларускі бок яшчэ раз запрасіў нас на перамовы, і сёньня мы можам лічыць, што зь беларускага боку пазытыўныя падыходы ёсьць, ёсьць жаданьне, каб кампанія “Швэдвуд” пабудавала свой завод. Але, на жаль, калі ідзе скарачэньне інвэстыцыяў, утрымліваць заводы і тут, і ў іншых краінах вельмі складана. І патрэбна больш інвэстыцыяў”.

Паводле спадара Калеціча, грошы, якія першапачаткова выдаткоўвалі на беларускі праект, цяпер працуюць у іншых дзяржавах. Напрыклад, у Расеі, дзе для “ІКЕА” няма ніякіх перашкодаў.

Цяжкасьці з рэалізацыяй праектаў у гэтай краіне вынікаюць з асаблівасьцяў інвэстыцыйнай палітыкі беларускага ўраду, гаворыць кіраўнік прадстаўніцтва міжнароднага канцэрну. Паводле ягоных назіраньняў, дробныя й сярэднія замежныя інвэстары прыходзяць у Беларусь без асаблівых праблемаў, а буйныя карпарацыі доўга ня могуць прабіцца на рынак.

(Калеціч: ) “Калі ідзе размова пра вялікія кампаніі, то беларускі бок лічыць, што яны прыедуць сюды, захопяць рынак, пачнуць весьці сябе як манапалісты. Нам шмат разоў казалі, што “ІКЕА” — гэта манапаліст, дык навошта яе пускаць на наш рынак? Ёсьць шмат пярэчаньняў у гэтым пытаньні з боку палітыкі й бізнэсу”.

На сёньняшні дзень канцэрн “ІКЕА” ня мае ўласнай вытворчасьці ў Беларусі. Справа абмяжоўваецца разьмяшчэньнем замоваў на розных беларускіх прадпрыемствах ды збытам прадукцыі без пасярэдніцтва дылераў. На айчынных прадпрыемствах на замову “ІКЕА” выпускаюцца камплектныя ці нават гатовы прадукт, які потым звычайна ідзе на экспарт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG