У дачыненьнях паміж Беларусьсю і “Газпромам” назьбіралася шмат нявырашаных пытаньняў: рэструктурызацыя беларускай запазычанасьці, удзел Расеі ў прыватызацыі “Белтрансгазу”, нарэшце, дамова пра пастаўкі газу і пра кошты на яго. Некалькі папярэдніх кансультацыяў і перамоваў не далі выніку: Беларусь настойвае на ня выгадных для Расеі ўмовах прыватызацыі “Белтрансгазу”, а “Газпром” у адказ прапанаваў Беларусі купляць газ па рынкавым кошце — 80 даляраў за тысячу кубамэтраў. Ва ўрадзе Беларусі гэтым абурыліся, і сытуацыя пачала заходзіць у тупік.
У мінулую пятніцу беларускі амбасадар у Маскве Ўладзімер Грыгор’еў сустрэўся з кіраўніком “Газпрому” Аляксеем Мілерам. Як афіцыйна паведамляецца, ён абмеркаваў праблемы фармаваньня паліўна-энэргетычнага балянсу на 2004 год і цэнавыя парамэтры. Як пацьвердзілі ў “Газпроме”, беларускі бок прапанаваў новыя падыходы, а таксама запрасіў спадара Мілера на перамовы ў Менск на 26 лістапада. Гаворыць прэсавы сакратар кіраўніка “Газпрому” Сяргей Купрыянаў:
(Купрыянаў: ) “Галоўнае пытаньне перамоваў — пастаўкі газу ў Беларусь у наступным годзе: аб’ёмы, кошты, стаўка аплаты за транзыт. Напэўна, будзе закранутае і пытаньне акцыянаваньня “Белтрансгазу”, зусім абысьці яго нельга, але асноўная тэма — гэта, вядома, пастаўкі газу ў будучым годзе, бо імкліва набліжаецца 1 студзеня, і нам вельмі хацелася б як мага хутчэй дамовіцца па ўсіх прынцыповых пытаньнях адносна паставак на наступны год, каб яны, як і заўсёды (хаця бывалі, безумоўна, выключэньні) прайшлі нармальна, надзейна і безь перабояў”.
Спадар Купрыянаў прызнаў, што беларускі бок ужо прапанаваў “Газпрому” новыя падыходы да вырашэньня газавых праблемаў, і гэтыя падыходы ў адрозьненьне ад папярэдніх выклікалі там пэўную цікавасьць, вынікам чаго і зьявіўся намер Аляксея Мілера прыехаць у Менск.
(Купрыянаў: ) “Напэўна, можна і так гэта трактаваць”, — сказаў прэсавы сакратар Аляксея Мілера.
Найбольш верагодна, што ўмовы самога “Газпрому” не памяняліся, але спадар Купрыянаў гэтае пытаньне адмовіўся камэнтаваць напярэдадні візыту ў Менск і пачатку складаных перамоваў.
Урадавыя структуры Беларусі увогуле ня хочуць нічога камэнтаваць перад заўтрашнімі перамовамі. Яны нават адмаўляюцца пэўна казаць і пра тое, што візыт спадара Мілера адбудзецца ў прызначаны тэрмін. Новыя ўмовы Менску могуць азначаць пэўныя саступкі “Газпрому”, — лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук.
(Раманчук: ) “Безумоўна, беларускі бок мусіць пайсьці на нейкія саступкі, каб выйсьці з гэтага тупіка, але я ня думаю, што гэта будуць тыя саступкі, на якія спадзяецца Расея. Мова можа ісьці пра транзыт, пра газаправод “Ямал-Эўропу”. Беларусы могуць пагадзіцца на стоадсоткавую аплату газу грашыма, а не таварамі. Мяркую, што Менск будзе больш саступлівы, можа падпісаць нейкія там пратаколы аб намерах, але тое, як ён будзе іх выконваць, гэта ўжо зусім іншая гісторыя”.
Паводле спадара Раманчука, магчымасьць нейкага кампрамісу наконт умоваў акцыянаваньня “Белтрансгазу” малая.