Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІ БАНК РЭКАНСТРУКЦЫІ І РАЗЬВІЦЬЦЯ З ТРЫВОГАЙ ГЛЯДЗІЦЬ НА БЕЛАРУСКУЮ ЭКАНОМІКУ


Юры Дракахруст, Прага

Адмыслоўцы банку з трывогай ацэньваюць вынікі беларускай эканамічнай палітыкі. Гаворыць галоўны эканаміст банку Вілем Баўтэр:

(Баўтэр: ) “Мы па-ранейшаму заклікаем да пашырэньня рэформаў, асабліва тыя краіны, сытуацыя ў якіх пагоршылася за апошнія некалькі гадоў. Відавочнымі прыкладамі такіх краінаў зьяўляюцца Беларусь, Туркмэністан і Ўзбэкістан. Большасьць краінаў, за разьвіцьцём якіх мы назіраем, знаходзяцца ў стадыі пераходу да рынкавай эканомікі. Аднак некаторыя краіны адстаюць і могуць ператварыцца ў разьвіваючыяся краіны ў старамодным сэнсе гэтага выраза, з суцэльнай галечай, запаволеным ростам і кепскім кіраваньнем.”

У спаваздачы Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця адзначаецца, што хаця летась інфляцыя ў Беларусі зьнізілася да ўзроўню 35% за год, яна застаецца самай высокай сярод усіх краінаў СНД. На думку адмысоўцаў банку прычынамі гэтага сталася падвышэньне заробкаў і тарыфаў на камунальныя паслугі.

Паводле справаздачы ў Беларусі прыватызавана каля дзьвюх трацінаў камунальнай ўласнасьці, аднак прыватызацыя буйной прамысловасьці адбываецца вельмі павольна – летась быў зьдзейсьнены адзін прываатызацыйны праект: продаж дзяржаўнай долі кампаніі “Слаўнафта” расейскаму канцэрну “Сібнафта”.

Эўрапейскі банк рэканктрукцыі і разьвіцьця тлумачыць, што права “залатой акцыі” застаецца істотнай перашкодай на шляху прыцягненьня ў Беларусь замежных інвэстараў. “Залатая акцыя” – права дзяржавы вярнуць сабе кантроль над прадпрыемствам пасьля яго прыватызацыі.

У справаздачы зьвяртаецца ўвага на тое, што на ліпень 2003 году каля траціны ўсіх вытворчых прадпрыемстваў Беларусі зьяўляліся стратнымі, вельмі высокім быў і ўзровень непраданых запасаў гатовай прадукцыі. Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця канстатуе, што нягледзячы на працяг рэфармаваньня банкаўскай сыстэмы, захоўваецца заганная практыка, калі ўлады прымушаюць камэрцыйныя банкі фінансаваць стратныя прадпрыемствы.

У якасьці станоўчага фактару адзначаецца зьніжэньне запазычанасьці перад Расеяй за газ – з 300 мільёнаў даляраў на пачатак 2002 году да прыблізна 200 мільёнаў даляраў ў першым квартале 2003 году. У справаздачы прыводзіцца ацэнка Ўсясьветнага банку, паводле якога доля беларускіх грамадзянаў, якія жывуць у галечы, складае каля 2%. Адзначаецца, што з 1995 году гэтая доля зьнізілася дзякуючы сыстэме сацыяльнай падтрымкі і адміністрацыйнага падвышэньня заробкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG