Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І ПРЫ СІДОРСКІМ БЕЛАРУСЫ ЖЫЦЬ ЛЕПЕЙ НЯ СТАЛІ


Валер Каліноўскі, Менск

Сяргей Сідорскі заявіў таксама пра рост некаторых іншых валавых паказчыкаў, аднак пры гэтым прызнаў, што запасы гатовай прадукцыі ў сховішчах складаюць каля 64% аб’ёму яе сярэднямесячнай вытворчасьці. У цэлым засталіся нявыкананымі 5 з 16 асноўных прагнозных парамэтраў на 2003 год: рост вытворчасьці прадукцыі сельскай гаспадаркі, харчоў, павелічэньне рэальных грашовых даходаў насельніцтва, акрамя таго, узрасла энэргаёмістасьць ВУП, перавышаны паказчык імпарту тавараў і паслугаў. Усё гэта дазволіла А.Лукашэнку заявіць пра патрэбу паляпшэньня “якасных паказчыкаў эканамічнага разьвіцьця”.

Паводле вынікаў дзевяці месяцаў году болей за траціну прамысловых прадпрыемстваў застаюцца нерэнтабэльнымі, нягледзячы на дзяржаўную падтрымку і падаткавыя льготы. Толькі дзякуючы прысядзібным і фэрмэрскім гаспадаркам удалося дабіцца зьніжэньня тэмпаў падзеньня ў аграрнай галіне. Пры гэтым ажно 64% сельскагаспадарчых прадпрыемстваў застаюцца стратнымі.

У цэлым сельская гаспадарка краіны працуе зь “мінусавой рэнтабэльнасьцю” — мінус 1,4%. І гэта нягледзячы на болей чым 900 мільярдаў рублёў дзяржаўнай падтрымкі аграрнаму сэктару, якая была аказаная сёлета, адтэрміноўкі па крэдытах і бязвыплатную перадачу паліва, крэдытаў на набыцьцё тэхнікі й гэтак далей.

Урад ня мае цэласнага бачаньня разьвіцьця сельскай гаспадаркі, якая цягне ўніз усю эканоміку, — упэўнены незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў, але калі б і меў, то ён нічога тут не вырашае, паколькі стратэгічныя пытаньні застаюцца ў кампэтэнцыі А.Лукашэнкі:

(Злотнікаў: ) “Таму што няма прыватнай уласнасьці на зямлю, гэта вельмі глыбокая прычына таго, няма свабоды гаспадараньня, няма і гаспадара на зямлі. Ды ўжо і сялянства амаль што няма. Так што вельмі глыбокае падзеньне адбылося. Ва ўсім вінаваты гэты сацыялізм”.

Сёлета ўрад зьняў з прадпрыемстваў цяжар гэтак званага перакрыжаванага субсыдаваньня, калі рэальны сэктар эканомікі аплачваў энэргарэсурсы і за насельніцтва. Апошняе вымушанае плаціць падвышаныя камунальныя тарыфы. Але гэты захад ня даў чаканага выніку ў росьце рэнтабэльнасьці прадпрыемстваў. І як вынік, ня выкананы паказчык росту заработнай платы, які павінен быў кампэнсаваць падвышэньне камунальных плацяжоў.

Такім чынам, узровень жыцьця насельніцтва не падвысіўся. А запазычанасьць па заробках ў сельскай гаспадарцы ўдалося пераадолець толькі дзякуючы крэдытам “Беларусбанку”. Прычына — неэфэктыўнасьць беларускай эканомікі, скапіяванай з савецкага ўзору, упэўнены эканаміст Леанід Злотнікаў. Адзіны істотны зрух за апошні квартал у тым, што вырашаная праблема запазычанасьці за здадзенае сялянамі малако, за што быў звольнены былы прэм’ер Генадзь Навіцкі.

(Злотнікаў: ) “Ну тады шматдзетныя маці атрымаюць, калі сяляне атрымаюць, гэта як тая гнілая коўдра: сюды пацягнуў — там распаўзлося. Ужо нішто не паправіць гэтай эканомікі, калі ня будзе на справе кардынальных рэформаў”.

Ягоныя словы ўскосна пацьвярджаюцца справаздачай ураду, які прызнаў, напрыклад, што падатковая нагрузка ў Беларусі — самая высокая сярод краінаў СНД і Балтыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG