Кіраўнік управы інфармацыі міністэрства Мікалай Чупік быў вельмі зьдзіўлены, што Радыё Свабода цікавіцца гэтай тэмай:
(Чупік: ) “Я ня бачу тут праблемы для Радыё Свабода. Што тут за палітыка, я ня ведаю? На Захадзе, што — хлеб таньнейшы, чым у нас? У нас насельніцтва забясьпечанае харчамі, і хлебам у тым ліку — рознымі гатункамі ад 400 да 1200 рублёў”.
Выявілася, што цэны на хлеб сёлета рэгулююцца на ўзроўні абласьцей. Чым выкліканы такі хуткі рост коштаў? Яшчэ зусім нядаўна ўлады хваліліся багатым ураджаем, а на нядаўніх “Дажынках-2003” у Пружанах Аляксандар Лукашэнка публічна заявіў, што сёлета краіна ні перад кім ня будзе кланяцца ў пошуках харчоў, і што сёлета сабралі 700 тысяч тон пшаніцы, якую Беларусь зусім нядаўна купляла за мяжой. У такім выпадку, пытаньне “Хто і навошта ўздымае кошты на хлеб у Беларусі?” выглядае зусім лягічным.
Аднак кіраўнік управы інфармацыі Мінсельгасхарчу і тут ня хоча даваць дакладнага адказу:
(Чупік: ) “Я не скажу вам нічога пра тое, хто ўзьняў цэны на хлеб. Я хаджу сам у краму, штодня бяру хлеб. Ну, так, можа сапраўды часам бывае так — хацеў бы ўзяць “Нарачанскі” альбо “Юбілярны”, але ж грошай няма…”
Эканаміст Канстанцін Скуратовіч лічыць, што неабходнасьць уздымаць цэны на хлеб ды іншыя харчы выкліканая тым, што сельская гаспадарка Беларусі і цяпер знаходзіцца дзесьці на ўзроўні фэадальнага часу:
(Скуратовіч: ) “Сёлета ўся сельскагаспадарчая галіна выйшла на адмоўны ўзровень рэнтабэльнасьці. Выдаткі перавышаюць прыбыткі. А што тычыцца рэфармаваньня, дык яно ўвогуле не пачыналася і не рабілася”.