Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОШТ ГАЗУ ДЛЯ БЕЛАРУСІ МОЖА ПАВЯЛІЧЫЦЦА АМАЛЬ УТРАЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка пасьля перамоваў у Сочы з расейскім прэзыдэнтам зазначаў, што нібыта Ўладзімер Пуцін пагадзіўся, што паводле ўмоваў газавых паставак Беларусь ня будзе пастаўленая ў горшыя ўмовы, чым Украіна. Але па сутнасьці выйшла іначай. Калі Ўкраіна плаціць за газ 50 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў, то цэны на газ для Беларусі ў наступным годзе могуць узрасьці амаль утрая — зь цяперашніх 30 да 80 даляраў.

Кіраўнік “Белтрансгазу” Пётар Пётух, які ўчора праводзіў перамовы са старшынём ААТ “Газпром” Аляксеем Мілерам, папрасіў дадатковага часу на абмеркаваньне гэтай прапановы ва ўрадзе. Пра рэакцыю беларускага боку гаворыць прэсавы сакратар старшыні праўленьня “Газпрому” Сяргей Купрыянаў:

(Купрыянаў: ) “Прапановы ўспрынятыя, яны будуць абмяркоўвацца, а калі будзе нейкая наступная зьмястоўная сустрэча, цяпер сказаць складана”.

Прэсавы сакратар спадара Мілера Сяргей Купрыянаў ня ўпэўнены, што нейкая дамоўленасьць будзе дасягнутая да заплянаванага на 1 кастрычніка паседжаньня гэтак званага саюзнага Саўміну.

(Купрыянаў: ) “80 даляраў — гэта нейкая базавая цана газу для краінаў СНД і Балтыі. Да чаго мы ў выніку дамовімся зьбеларускім бокам пра аб’ёмы пастаўкі, пра канкрэтныя кошты, пра суадносіны кошту на газ і тарыфу на транзыт, пакуль гадаць складана”, — зазначыў прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў.

У “Газпроме” таксама паведамілі, што частка газу ў Беларусь у наступным годзе будзе пастаўляцца па рынкавым кошце і з аплатай толькі грашыма — гэта значыць, ніякага бартэру; іншая частка (пакуль невядома якая) будзе пастаўляцца за транзыт расейскага газу празь Беларусь у Эўропу.

У “Белтрансгазе” адмаўляюцца камэнтаваць вынікі перамоваў і прапановы “Газпрому”, спасылаючыся на тое, што кіраўнік канцэрну Пётар Пётух застаецца ў Маскве ў камандзіроўцы, а ніхто іншы нечага казаць ня мае права.

У Міністэрстве энэргетыкі выказваюць спадзяваньне на ўрэгуляваньне паліўнага балянсу так званай саюзнай дзяржавы і паседжаньне саюзнага Саўміну. Прэсавы сакратар Мінэнэрга Беларусі Лілія Дулінец зазначыла, што беларускі бок на перамовах з “Газпромам” мае пэўныя распрацаваныя варыянты, яны прапанаваныя, і расейскі бок абяцаў іх улічыць пры разглядзе.

(Дулінец: ) “Нашая рэакцыя такая: усё ідзе сваёй чаргой, перамовы працягваюцца, і патроху мы да чаго-небудзь прыйдзем. Сёлета ў нас яшчэ ўсё ёсьць, тарыфы не памяняюцца — учора казалі. А да канца году будзе бачна”, — зазначыла прэсавы сакратар Мінэнэрга Беларусі Лілія Дулінец.

Беларускі бок, паводле неафіцыйнай інфармацыі, на перамовах з “Газпромам” настойвае на цане газу 50 даляраў. Намесьнік міністра энэргетыкі Пётар Жабко спадзяецца падпісаць дамову пра пастаўкі газу ў Беларусь на наступны год да канца кастрычніка, а да канца наступнага тыдня — дамовіцца пра рэструктурызацыю беларускага доўгу за газ на 120 мільёнаў даляраў.

Аднак эканоміцы варта рыхтавацца да найгоршага варыянту разьвіцьця падзеяў, — лічыць незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў. Паводле яго падлікаў, пры ўвядзеньні кошту газу 80 даляраў, платны балянс Беларусі пагоршыцца на 600–700 мільёнаў даляраў, істотна вырасьце колькасьць стратных прадпрыемстваў, сабекошт прадукцыі падвысіцца на 7–10%.

(Злотнікаў: ) “Гэта паўплывае на ўзровень жыцьця насельніцтва. Яно і так пагаршаецца, эканоміка ў вельмі цяжкім стане, крызыс разгортваецца, і вось гэты дадатковы імпульс яшчэ пагоршыць гэтае становішча. Ну і насельніцтва таксама будзе адчуваць, што за цяпло цяпер давядзецца плаціць не 15–20 даляраў узімку, а 30 ці можа 35. Гэта вельмі адчуюць на сабе ўсе людзі”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што выйсьцем з сытуацыі можа быць не кампэнсацыя за вайсковыя базы ці падвышэньне тарыфаў на транзыт, але сапраўдная прыватызацыя і эканамічныя пераўтварэньні. Але цяперашняе кіраўніцтва краіны на гэта ня пойдзе, — упэўнены Леанід Злотнікаў.

(Злотнікаў: ) “Пакуль ня зьменіцца палітычнае кіраўніцтва краіны — нічога тут ня зьменіцца. Я думаю, што цяперашняе кіраўніцтва краіны сваіх пазыцыяў ня зьменіць, яно будзе рыхтаваць насельніцтва, так сказаць, згодна з ірацкім варыянтам”, — заявіў незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG