Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЫНІКУ БУДАЎНІЦТВА НА НЁМАНЕ ЗВЫШМАГУТНАЙ ГЭС РАКА БУДЗЕ ПАСТУПОВА СЫХОДЗІЦЬ ПАД ЗЯМЛЮ


Ігар Карней, Менск

Чаму аргумэнты эколягаў ня ўлічваюцца ў часе рэалізацыі глябальных праектаў?

Нягледзячы на нешматлікія акцыі экалягічных аб’яднаньняў, самыя вялікія ў Беларусі гідраэлектрастанцыі, мяркуючы па ўсім, будуць збудаваныя. Дзяржаўныя аргумэнты на карысьць будаўніцтва, як кажуць, “жалезныя” — маўляў, гэта толькі карысьць для рэгіёнаў, якія атрымаюць дадатковыя крыніцы электразабесьпячэньня. А вось камітэты аховы навакольнага асяродзьдзя называюць гэтыя задумы забойчымі.

Так, гарадзенскія эколягі сьцьвярджаюць, што галоўная небясьпека пры будаўніцтве ГЭС — зьмена гідралёгіі рэк. Прыкладам, Нёман мае рухомае рэчышча, а плаціна спаралізуе пясчаныя патокі, і ніжэй за яе могуць узьнікнуць глыбокія равы даўжынёй да 10 кілямэтраў. Іншымі словамі, Нёман пойдзе ўглыбіню: аголяцца берагі, падпоркі мастоў, падводныя магістралі. Да таго ж, вадой залье бясцэнныя рэліквіі — чатыры дзясяткі стаянак старажытнага чалавека (дарэчы, раней казалі толькі пра чатыры стаянкі, але нядаўна лічба была істотна адкарэктаваная).

Тым ня менш, рашэньне будаваць ГЭС на Нёмане фактычна прынятае, і цягам трох гадоў сюды будзе ўкладзена 22 мільёны даляраў.

Полацкая ГЭС, самая магутная ў краіне, спраектаваная паводле прынцыпу “тры ў адным”. Гэта канглямэрат Віцебскай, Верхнядзьвінскай і ўласна Полацкай ГЭС, і гаворка пра гэтак званы каскад на Заходняй Дзьвіне. Аб’яднаная ГЭС будзе звышмагутнай — 28 мэгават. Дзеля параўнаньня, пабудаваныя ў 1950-х гадох найбуйнейшыя дагэтуль Чыгірынская і Асіповіцкая ГЭС мелі на двох магутнасьці ў 3,7 мэгават.

Натуральна, крыніцы электраэнэргіі шукаць трэба. Але досьвед найбліжэйшых суседзяў, украінцаў, сьведчыць, што будаўніцтва звышмагутных ГЭС — не адзінае выйсьце. Дарэчы, украінскія эколягі вельмі пільна сочаць за плянамі беларускага Міністэрства энэргетыкі і, на дзіва, ведаюць пра захады беларускіх чыноўнікаў нашмат больш, чым мясцовыя супраціўнікі будаўніцтва ГЭС. Вось што распавядае адмысловец ў галіне навуковай інфармацыі Цэнтру грамадзка-экалягічнай адвакатуры ў Львове Анатоль Павелка:

(Павелка: ) “На сёньняшні дзень у Беларусі два найбольш рэальныя праекты, ажыцьцяўленьне якіх пачнецца ўжо сёлета: гэта будаўніцтва Полацкай ГЭС на Заходняй Дзьвіне магутнасьцю 28 мэгават і Нёманскай ГЭС у Горадні на 17 мэгават. Я ня тое што супраць ГЭС. Але трэба ведаць і пра адмоўныя наступствы, якія могуць выклікаць гэтыя будаўніцтвы, паколькі гэта вельмі маштабныя праекты. Я таксама ведаю, што ў Міністэрства энэргетыкі Беларусі ёсьць праекты, якія можна назваць цалкам станоўчымі; яны тычацца найперш малой гідраэнэргетыкі. Апошні прыклад — будаўніцтва Слуцкай ГЭС магутнасьцю 220 кіляват. Гэта сапраўды праект “зялёнай”, устойлівай энэргетыкі, які актуальны ня толькі ў беларускім, а ў эўрапейскім кантэксьце. Кірунак разьвіцьця “зялёнай энэргетыкі” цяпер ёсьць адным з найбольш прыярытэтных для Эўропы”.

У адсутнасьць грамадзкага супраціву да будаўніцтва ГЭС чыноўнікам не складае асаблівых цяжкасьцяў рэалізаваць свае пляны. Прынамсі, у Міністэрстве энэргетыкі не хаваюць, што рэалізацыя абодвух праектаў распачнецца ўжо сёлета ў лістападзе. Пры гэтым спасылаюцца на кансультацыі з аўтарытэтнымі навукоўцамі. Вось што адносна гэтага кажа Анатоль Павелка:

(Павелка: ) “З навукоўцамі раіліся падчас будаўніцтва ўсіх гідраэлектрастанцыяў, у тым ліку і ва Ўкраіне, і ў Расеі. Але на сёньняшні дзень назьбіралася столькі адмоўных выдаткаў дзейнасьці ГЭС (асабліва што датычна экалёгіі), што маўчаць ужо немагчыма. Чыноўнікі кажуць — зьвярталіся да спэцыялістаў. Магчыма, гэта так. Але хацелася, каб да гэтага працэсу былі далучаныя ня толькі адмыслоўцы дзяржаўных праектных істытутаў, але грамадзкасьць, незалежны бок. Каб менавіта зь незаангажаванай пазыцыі можна было прааналізаваць сытуацыю.

Прыкладам, гарадзенская грамадзкасьць залучала такі бок — Санкт-Пецярбурскі гідрамэтэаралягічны інстытут. І ягоныя спэцыялісты заявілі: будаўніцтва тут ГЭС будзе мець шмат адмоўных вынікаў і будзе моцны нэгатыўны ўплыў на наваколькле ня толькі Беларусі, але і Літвы”.

Дарэчы, у той жа Ўкраіне ад ідэі звышмагутных ГЭС адмовіліся на дзяржаўным узроўні — страты ад затапленьня тэрыторыяў, катастрафічныя зьмены ў прыродным балянсе невымерна большыя за выгаду, якую атрымлівае рэгіён ад спажываньня большай колькасьці электраэнэргіі.
XS
SM
MD
LG