Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫ КАМІТЭЦЕ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ БЕЛАРУСІ СТВОРАНЫ ДЭПАРТАМЭНТ ФІНАНСАВАГА МАНІТОРЫНГУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле чарговага ўказу Аляксандра Лукашэнкі, Камітэт дзяржаўнага кантролю павялічыўся яшчэ на адзін дэпартамэнт — фінансавага маніторынгу. Абвешчана, што ягоная асноўная задача — садзейнічаць “прадухіленьню легалізацыі прыбыткаў, атрыманых незаконна”. Дзеля гэтага дэпартамэнт мусіць стварыць сыстэму збору і апрацоўкі зьвестак аб фінансавых апэрацыях, якія патрабуюць асаблівага кантролю. Гэтымі зьвесткамі дэпартамэнт будзе дзяліцца з праваахоўчымі органамі.

У камэнтары да тэксту ўказу, які зьмешчаны ў сёньняшнім нумары газэты “Советская Белоруссия”, сьцьвярджаецца, што гэтыя захады знаходзяцца ў рэчышчы міжнародных абавязацельстваў, прынятых Беларусьсю. Маўляў, яны будуць адпавядаць стандартам, якія прынятыя ў сьвеце дзеля барацьбы зь “ценявымі “ фінансавымі патокамі.

Між тым, некаторыя палажэньні ўказу выклікаюць апасеньні адмыслоўцаў. Эканаміст Яраслаў Раманчук зьвяртае ўвагу на тое, што дэпартамэнту фінансавага маніторынгу па сутнасьці даюцца правы, якія мяжуюць з умяшальніцтвам у прыватнае жыцьцё грамадзянаў.

(Раманчук: ) “Вось тут такі цікавы пункт, што дэпартамэнту даецца права кантраляваць фінансавыя апэрацыі і патрабаваць ад банкаў іншых зьвестак, але за выключэньнем зьвестак пра прыватнае жыцьцё грамадзянаў. Але фінансавыя апэрацыі, якія тычацца пераводу грошай за мяжу — гэта таксама прыватнае жыцьцё грамадзянаў. І як чыноўнікі будуць інтэрпрэтаваць гэты пункт, ніхто ня ведае”.

Яраслаў Раманчук зьвярнуў увагу на тое, што ў Камітэце дзяржкантролю ўжо дзейнічае дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, які ў сваім складзе мае аналітычную групу. Гэты дэпартамэнт ня толькі правярае законнасьць фінансавых апэрацыяў, але і праводзіць розныя апэратыўныя дзеяньні, у тым ліку мае сваю сетку інфарматараў.

Аднак нават такія рэсурсы не перашкодзілі розным махлярам зь фірмаў, якія дзейнічалі пры Кіраўніцтве справаў прэзыдэнта, — заўважае Яраслаў Раманчук і згадвае Фонд Эсамбаева, фірму “Торгэкспа” ды нядаўні скандал зь фірмай “Белая Русь”, кіраўнікоў якой арыштаваў КГБ Беларусі. Паводле Яраслава Раманчука, ніякі кантроль за фінансавымі патокамі не дапаможа змагацца з махлярамі, калі тыя карыстаюцца падтрымкай “наверсе”.

(Раманчук: ) “Як было раней, што тавары прыходзяць у Беларусь, а грошы сюды не прыходзілі, так яно і будзе. І тыя крымінальныя структуры, якія праводзяць такія апэрацыі, я мяркую, будуць мець нейкія індульгенцыі ад таго, каб гэты дэпартамэнт іх правяраў”.

Банкаўскі экспэрт Валер Дашкевіч заўважае, што аналягічная структура год таму зьявілася ў Расеі, а некалькі месяцаў таму была створаная і ва Ўкраіне. Для Беларусі, паводле Валера Дашкевіча, таксама вельмі актуальным ёсьць пытаньне барацьбы зь незаконнымі фінансавымі патокамі ды зь легалізацыяй незаконных прыбыткаў. Аднак экспэрт зьвяртае ўвагу на тое, што ўказ недастаткова ясна прапісвае паўнамоцтвы кантралёраў і выказваецца за прыняцьце адпаведнага закону.

(Дашкевіч: ) “З тэксту ўказу не зусім зразумелы памер інфармацыі, якую гэты дэпартамэнт будзе зьбіраць. Правы яму дадзеныя вялікія, ён можа запрошваць зьвесткі ад Нацыянальнага банку, ад камэрцыйных банкаў і нават ад грамадзянаў і тым самым умешвацца ў іх прыватнае жыцьцё. І таму гэта павінна было б рэгулявацца ня ўказам, а законам”, — лічыць банкаўскі экспэрт Валер Дашкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG