Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ПАСТУПОВА ТРАЦІЦЬ СТАТУС “БУЛЬБЯНАЙ” КРАІНЫ


Ігар Карней, Менск

Пакуль у Беларусі ідзе другая паводле важнасьці “бітва за ўраджай” (гэтым разам — за бульбу) кіраўніцтва Міністэрства сельскай гаспадаркі шукае, каму сабраны ўраджай рэалізаваць. У сьпісе былых аграрных партнэраў цяпер засталася толькі Расея, дый тая паступова адмаўляецца ад не зусім фактурнай прадукцыі. Прадстаўнік галіновага міністэрства Мікалай Чупік кажа: у прынцыпе, Беларусь можа абвесьціць, што здольная паставіць бульбу усёй Эўропе. Іншая справа, хто возьме?

(Чупік: ) “Паводле якасьці кожны чымсьці не задаволены: ці гэта машына, ці нейкая іншая рэч. Мы спрабуем рабіць, каб такіх пытаньняў было меней. Паводле аб’ектыўных прычынаў, скажам, на Захад мы бульбу не пастаўляем. На насеньне раней куплялі некаторыя краіны СНД, уключна з Закаўказьзем, а харчовая бульба ідзе выключна ў Расею: Санкт-Пецярбург, Маскву, Паўночны флёт. Смакам нашая бульба можа і ня горшая за польскую, а вось са зьнешнім выглядам нашыя гаспадарнікі, якія адказваюць за грамадзкі сэктар, палякам нічога супрацьпаставіць ня могуць”.

Асноўнае спадзяваньне на Маскву. У міністэрстве кажуць: можна згубіць усю Расею, але калі згубім мэгаполіс — бульба згніе ў Беларусі, бо столькі яе ўсё роўна ніхто ня зьесьць. У маскоўскай мэрыі цалкам адмаўляцца ад беларускіх паставак пакуль не зьбіраюцца. Прадстаўніца дэпартамэнту харчовых рэсурсаў ураду Масквы Людміла Кульшына тлумачыць гэта так: беларуская бульба ў Маскве амаль нічога не каштуе, і ня выкарыстаць гэты момант было б неабачліва.

(Кульшына: ) “Мне неяк аднойчы сказалі — бульба, яна і ёсьць бульба, маўляў, якая розьніца? Але бульба вельмі розная. Вы ж бачыце: усім ёсьць месца на зямлі — белым, чорным, чырвоным і г.д. Гэтак жа і любой бульбе месца знойдзецца. Галяндзкая бульба ідзе мытая, адпаведным чынам запакаваная, дзеля працяглага захоўваньня, а таму і іншыя кошты. А ў нашым выпадку гаворка пра аптовыя закупы, дзеля штодзённага, шырокага ўжытку. Таму аб’ёмы зь Беларусі захаваюцца. Сёлета нядрэнны ўраджай у Расеі, таму з Польшчы вазіць пакуль ня будзем, хоць там усё запакавана належна, мае іншы таварны выгляд. Але гэта зусім розная бульба”.

У Маскве кошт беларускай бульбы цяпер не перавышае 5 рублёў за кіляграм (гэта прыблізна 15 цэнтаў, альбо ў беларускім эквіваленце — каля 300 рублёў). Як сказала спадарыня Кульшына, таньней толькі бясплатна. А вось, прыкладам, у Санкт-Пецярбургу сёлета нарыхтоўчыя арганізацыі аддалі перавагу крыху даражэйшай, але адпаведнай эўрастандартам польскай бульбе. Зь іншага боку, і забясьпечыць горад удвая меншы прасьцей.

Чаму ў Беларусі прадукцыя, якой нададзены амаль нацыянальны статус, не адпавядае неабходным нормам? Вось што з гэтай нагоды кажа прадстаўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Мікалай Чупік:

(Чупік: ) “Палі засяваюцца гатункавай бульбай. Пытаньне ў іншым — у тэхналёгіі збору, перапрацоўкі. Калі бульбу выкапаць і пакласьці ў кошык — будзе і якасьць, і зьнешні выгляд зусім іншы, чым тады, калі бульба пройдзе мэханічную апрацоўку: на камбайне пяць разоў перакоціцца, потым сартавальны пункт, потым машына. Хоць паводле смакавых якасьцяў хатняя бульба горшая. У гаспадарках гатункавыя якасьці лепшыя. А зьнешні выгляд — ніхто не спрачаецца, мы прайграем”.

Капаць бульбу ў Беларусі будуць яшчэ амаль месяц. Натуральна, што адна Масква ўвесь лішак беларускай бульбы ня купіць. Пытаньне: куды падзець астатняе? — пакуль застаецца актуальным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG