Зьяўляецца ўсё больш сьведчаньняў з ЗША, што доўгачаканае эканамічнае ажыўленьне нарэшце пачалося. Урад ЗША у сваёй справаздачы на мінулым тыдні паведаміў, што эканамічны рост павялічыўся на 2,4% цягам другой чвэрці гэтага году – ад красавіку да чэрвеня. Гэта даволі добры паказьнік. Хаця часткова рост унутранага сукупнага прыбытку злучаны зь вялікімі выдаткамі на ірацкую вайну, паказьнік усё ж значна лепшы ў параўнаньні з папярэднімі месяцамі ў ЗША альбо ў параўнаньні з паказьнікамі ў Эўропе.
Але, як выглядае, няма добрай навіны бяз кепскай. Зьмяншаецца колькасьць працоўных месцаў у ЗША. Агульны ўзровень беспрацоўя – 6,2%. Гэты паказьнік фактычна крыху палепшыўся ў параўнаньні зь мінулым месяцам – на 0,2% – але гэта толькі фармальная статыстыка. Людзі радзей рэгіструюцца, бо губляюць надзею знайсьці працу празь біржы.
Аналітыкі адзначаюць, што вельмі істотны знак пачатку росту эканомікі – тое, што зьмяншаецца колькасьць раней назапашаных тавараў. Эканамічны бум 1990-х спрычыніўся да таго, што кампаніі назапасілі шмат непрададзеных тавараў. Каб пачалася новая вытворчасьць, старыя тавары маюць быць рэалізаваныя.
ЗША мае істотную ролю ў сусьветнай эканоміцы, так што гэты ўздым паспрыяе выхаду сусьветнай эканомікі з застою, як мяркуюць эканамісты. Эканамічны спад у ЗША пачаўся ў 2001 годзе, і пасьля 11 верасьня сытуацыя пагоршылася. Спад эканомікі адчуваўся ва ўсім сьвеце – найперш у Заходняй Эўропе, якая экспартуе свае тавары ў ЗША і залежыць ад амэрыканскіх кампаніяў як крыніцы капіталу.
З паляпшэньнем сытуацыі ў ЗША эканамісты па-рознаму прагназуюць разьвіцьцё эканомікі Эўропы. Аднак пазытыўныя ўплывы адзначаюцца.
Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця ў Парыжы нядаўна паведаміла вынікі дасьледаваньня 12 краінаў эўразоны. Лорэнс Бун, адна з аўтараў гэтага досьледу, гэтак апісвае цяперашнюю міжнародную эканоміку:
(Бун: ) “Цяпер менш няпэўнасьці, чым было шэсьць месяцаў таму – празь Ірак – і ў ЗША зьяўляюцца прыкметы таго, што эканоміка пачала расьці зноў, так што мы ўпэўненыя што ў эўразоне мае пачацца стабільнае ажыўленьне пры канцы гэтага году”.
Нямецкія эканамісты прагназуюць рост эканомікі на наступны год ад 1,7% да 1,5%. Прагнозы грунтуюцца на аптымістычных настроях нямецкіх бізнэсоўцаў адносна эканамічных рэформаў, абвешчаных сёлета канцлерам Гергардам Шрэдэрам.
Ёсьць і хмары ў гэтых сьветлых прагнозах – падзеньне спажывецкай актыўнасьці ў Эўропе. Набываюць менш, бо расьце беспрацоўе.
Эканамісты мяркуюць, што выклікае неспакой і рост эўра адносна даляру ЗША. Ёсьць два розныя бакі у гэтым працэсе. Падаражаньне эўра павышае кошты на эўрапейскую прадукцыю. Гэта шкодзіць разьвіцьцю экспарту, бо робіць экспарт з краінаў эўразоны больш дарагім, а таксама шкодзіць разьвіцьцю сфэры сэрвісу і турызма. Але, зь іншага боку, рост эўра дапамагае кантраляваць інфляцыю.
Рост эўра меў пазытыўны ўплыў на кошты на нафту, якія вызначаюцца ў далярах ЗША. Хаця сусьветныя кошты на нафту заставаліся даволі высокімі, у Эўропе кошты на бэнзін былі ўстойлівымі, а ў некаторых месцах і зьнізіліся.