Сельскагаспадарчы год у Беларусі распачаўся даволі няўдала. Нечаканы сьнег у красавіку вымусіў аграрыяў адкласьці сяўбу. У траўні надвор’е было добрае, але ў чэрвені на розныя рэгіёны краіны абрынуліся то замаразкі, то сухмень, то дажджы. Даволі прахалоднае надвор’е захоўваецца і ў ліпені, між тым праз два-тры тыдні павінна распачацца жніво.
У Міністерстве сельскай гаспадаркі лічаць, што прыродныя катаклізмы ўраджаю не сапсуюць. Паводле словаў начальніка ўпраўленьня земляробства і расьлінагадоўлі Ўладзімера Куратніка, падобнае надвор’е цалкам нармальнае для гэтае пары.
(Куратнік: ) “Якія неспрыяльныя? Дождж ідзе — нармальна. Тое, што ўжо загінула, тое перасяваецца. Кожны год нешта бывае. Недзе градам паб’е, недзе пакладзе, недзе падсушыць. Няма нічога экстрэмальнага”.
Спадар Куратнік сказаў таксама, што сёлета плянуецца атрымаць каля 6 мільёнаў тон збожжа, то бок прыкладна столькі ж, колькі і ў папярэднія гады.
Трэба сказаць, што ў суседніх краінах, напрыклад у Расеі, сёлета склалася тая ж сынаптычная сытуацыя, што і ў Беларусі. Як распавёў галоўны рэдактар газэты “Местное время”, вядомы аграрны журналіст Анатоль Гуляеў, расейскія адмыслоўцы прадказваюць, што з-за кепскага надвор’я ўраджай збожжа зьнізіцца. Калі раней Расея атрымлівала 80 мільёнаў тон, то сёлета не атрымае больш за 70 мільёнаў.
Адметна, што кошт расейскага збожжа ў зьвязку з гэтым значна ўзрасьце. Гаворыць Анатоль Гуляеў:
(Гуляеў: ) “Кошт тоны збожжа, калі ён у мінулым годзе быў каля 45–50 даляраў (самае таннае, фуражнае збожжа), то сёлета ён будзе амаль удвая вышэйшы”.
Вядома, што значную частку збожжа Беларусь закупае ў Расеі. Такім чынам, выдаткі краіны значна ўзрастуць. Аналягічная сытуацыя чакаецца і з украінскім збожжам — у гэтай краіне прагнозы на ўраджай сёлета таксама не бліскучыя, таму збожжа падаражэе.