Як паведаміла намесьніца старшыні фонду Алена Лявонава, конкурс продажу акцыяў мясакамбіната не адбыўся. Папросту не было жадаючых набыць яго. Паводле Лявонавай, абласныя ўлады, маючы 10% акцыяў камбінату, выставілі даволі жорсткія ўмовы. Стартавы кошт дзяржаўнага пакета акцыяў склаў 1 мільярд 268 мільёнаў рублёў – 18 даляраў за акцыю. Апроч таго, пераможца конкурсу павінен да пачатку ліпеня будучага году ўкласьці ў тэхнічнае пераабсталяваньне мясакамбінату 2 мільёны даляраў інвэстыцыяў. Такія ўмовы не зацікавілі нікога з пакупнікоў.
Наагул у рэгіёне з амаль паўтысячай акцыянэрных прадпрыемстваў абласной камунальнай ўласнасьці толькі лічаныя былі прададзеныя з поўным дзяржаўным пакетам акцыяў. Гэта, у прыватнасці, прадпрыемства “Дэльта” ў Рэчыцкім раёне, рамонтна-будаўнічае ўпраўленьне ў абласным цэнтры ды некаторыя іншыя.
Цяпер ўладныя органы праз Фонд дзяржмаёмасьці выставілі на продаж свае долі акцыяў яшчэ ў 18 прадпрыемствах. Гэтым самым улады хочуць разьвеяць, як выказаўся старшыня Фонду дзяржмаёмасці Анатоль Сычоў, міт пра тое, што дзяржава перашкаджае працаваць прадпрымальнікам.
Што да не запатрабаванага сёньня пакету акцыяў Гомельскага мясакамбінату, то дырэкцыю прадпрыемства 10-адсоткавая доля аблвыканкаму ня вельмі турбуе. На камбінаце і без таго вядзецца рэканструкцыя, каб мець магчымасьць прадаваць сваю прадукцыю ў далёкае замежжа. Аднак на мясцовай сыравіне гэта зрабіць немагчыма. Яна дарагая. Мяса, паводле слоў дырэктара Валерыя Дземідзенкі, трэба будзе купляць у Польшчы, Нямеччыне альбо Галяндыі, дзе яно амаль на траціну таньнейшае за беларускае. У такім разе і прадукцыя камбінату будзе канкурэнтаздольная на замежным рынку.