Супрацоўнік вэтэрынарнай службы Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі Віталь Дубікоўскі пацьвердзіў, што расейскія вэтэрынарныя органы ўвялі абмежаваньне на ўвоз курынага мяса і яек зь Беларусі. Прычына — захворваньне хатняй птушкі на вірус Ньюкасла, такія выпадкі былі зафіксаваныя ў прыватным сэктары ў Брагінскім раёне Гомельшчыны.
Гэта былі адзінкавыя выпадкі, якія не закранулі буйныя беларускія птушкафабрыкі, і ўсе патрэбныя захады для спыненьня інфэкцыі ўжо зробленыя. Карантын зьняты 9 чэрвеня. Буйныя птушкафабрыкі гэты вірус не закрануў, бо яны праводзяць адпаведную вакцынацыю на працягу многіх гадоў, паведаміў Віталь Дубікоўскі.
(Дубікоўскі: ) “Так, увялі яны, ёсьць такая забарона. Гэта захвованьне групы “А”, таму яны маюць права ўводзіць такія забароны. І такая забарона ў цэлым уведзеная”.
Віталь Дубікоўскі кажа, што беларускі бок спадзяецца на хуткае ўрэгуляваньне праблемы:
(Дубікоўскі: ) “Маем надзею на гэта. Мы спадзяемся і робім усе захады, каб усё было нармальна, тэлефануем у Расею і вырашаем гэтае пытаньне”.
Віталь Дубікоўскі паведаміў, што прадпрыемствы беларускай птушкапрамысловасьці істотна церпяць ад гэтай забароны, але адмовіўся даць больш падрабязную інфармацыю, спаслаўшыся на тое, што патрэбная згода начальства.
Кіраўніцтва ж Мінсельгасхарчу абвергла інфармацыю пра скарачэньне вытворчасьці птушкі ў сувязі з абмежавальнымі захадамі з Расеі:
(Спадар: ) “Гэта была адна машына, гэта нехарактэрна і няважна”, — сказаў прадстаўнік Мінсельгасхарчу.
Прэзыдэнт канцэрну “Белптушкапрам” Канстанцін Карпук сьцьвярджае, што ўсё ўжо ўрэгулявана.
(Карпук: ) “Расея не адмаўляецца, гэта было і даўно, ужо прайшло, і хвароба Ньюкасла была ў насельніцтва. Ды вось дапамагло нашае тэлебачаньне, такое як і радыё. Раструбілі й расейцы. Так было, што наклалі забарону”, — сказаў прэзыдэнт канцэрну “Белптушкапрам”.
Факт расейскай забароны на імпарт курынага мяса і яек зь Беларусі мог быць і адказам на беларускія захады, што абмяжоўваюць пастаўкі расейскага піва, хлеба, мукі й крупаў. Гэта працяг гандлёвай вайны паміж саюзьнікамі, лічыць незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў.
(Злотнікаў: ) “Тое, што адбылося ў Гомельскай вобласьці, можа быць толькі падставай, каб зрабіць такія захады… Тут усё звязана з гэтай беларускай мадэльлю разьвіцьця. Зь яе вынікае пратэкцыянісцкая палітыка нашага кіраўніцтва, і таму калі нашыя вытворцы прайграюць канкурэнцыю расейскім, то яны просяць урад, каб той не дапускаў сюды расейскія тавары, і ўрад гэта робіць. Бо калі сюды пойдзе расейскі тавар, то расеянам ня вельмі там укажаш, што і як рабіць”.
Леанід Злотнікаў кажа, што апрача расейскіх абмежавальных захадаў, экспарту беларускай прадукцыі сельскай гаспадаркі перашкаджае яе сабекошт, — ужо вышэйшы, чым у расейскіх вытворцаў.