Прэзыдэнт міжнароднай асацыяцыі “Дзелавая ініцыятыва” Міхаіл Марыніч лічыць, што Аляксандар Лукашэнка зрабіў з нарады ў пытаньнях увядзеньня адзінай з Расеяй валюты свайго кшталту паказальнае мерапрыемства, бо мусіў нарэшце нешта сказаць з гэтай нагоды.
(Марыніч: ) “Гэта спосаб супакоіць грамадзтва. Але ўсім зразумела, што калі эканамічныя сыстэмы зусім розных узроўняў разьвіцьця, то пра якое аб’яднаньне можа быць гаворка? Расея сёньня мае статус краіны з рынкавай эканомікай, а мы ня ведаем, на якой стадыі разьвіцьця сацыялізму знаходзімся”.
На думку спадара Марыніча, пасьля 2005 году, калі Нацбанк страціць права эмісіі й перастане крэдытаваць дзяржаўны бюджэт, шмат беларускіх прадпрыемстваў чакае банкруцтва, бо дагэтуль яны трымаліся за кошт дзяржаўных датацыяў.
Заявы Лукашэнкі наконт таго, што аб’яднаньне грашовых сыстэмаў стане “вянцом інтэграцыі”, ня варта ўспрымаць літаральна, лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка. Пагадненьні, якія згадваў беларускі лідэр, хутчэй тычацца тарыфаў на энэргарэсурсы, абавязацельстваў расейскага боку наконт пастаўкі сыравіны ды іншага. Пра раней дакляраваныя прынцыпы эканамічнай інтэграцыі гаворка ня ідзе, кажа спадар Заіка.
(Заіка: ) “Гэта не азначае, што расейскі рубель будзе вынікам глыбокай інтэграцыі і ўніфікацыі падатковай сыстэмы, мытні. Не, Расея прапанавала добры варыянт пагадненьня, але ён будзе цяжкім для беларускай эканомікі ў першыя месяцы і гады. І праблема не ў расейскай пазыцыі, а справа ў нас саміх. Нам давядзецца сутыкнуцца з нармалёвай эканамічнай палітыкай і прыйдзецца рабіць тое, чаго не хацелася рабіць”.
Леанід Заіка таксама прытрымліваецца думкі, што Лукашэнка хоча адцягнуць працэс аб’яднаньня грашовых сыстэмаў якраз з прычыны цяжкіх наступстваў для айчыннай эканомікі, бо разумее, што віну за гэтыя няўдачы электарат перакладзе на яго, цяперашняга кіраўніка краіны.
Лукашэнка вядзе палітычны гандаль з Расеяй, мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў, таму чыста эканамічнае пытаньне пераводзіць у палітычную плоскасьць. Што да расейскага боку, то ў тамтэйшага кіраўніцтва ёсьць свае важкія падставы фарсаваць працэсы інтэграцыі.
(Злотнікаў: ) “Гэта добра для спадара Пуціна, бо ў яго выбары ў наступным годзе. І калі ён дадасьць у сваю перадвыбарную скрыню і дамоўленасьць зь Беларусьсю, якая можа потым і не выконвацца, то гэта будзе палітычным выйгрышам Пуціна. Але што будзе потым, ці будзе выкананая гэтая дамова? Я мяркую, што не”.
Нагадаю, што цяперашняя спроба аб’яднаць грашовыя сыстэмы з Расеяй — ужо трэцяя за час незалежнасьці Беларусі.