Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІЯ БРОВАРЫ ГУБЛЯЮЦЬ БЕЛАРУСЬ

Ігар Карней, Менск

Усясьветная статыстыка сьведчыць, што ў летні сэзон спажываньне піва павялічваецца ў 3-4 разы. У Беларусі ж з надыходам лета сытуацыя сутнасна не мяняецца дзесяцігодзьдзямі. За савецкім часам піва летам зьнікала ўвогуле. Цяпер жа якаснае піва з-за росту цэнаў становіцца ўсё меней даступным небагатаму чалавеку. Імпартаванае піва, дзе яно яшчэ ёсьць, падаражэла ўдвая.

Беларускія гатункі ў сваёй бальшыні не карыстаюцца папулярнасьцю з-за дрэннага смаку, дый на іх таксама растуць цэны. Гэта найперш. Па-другое, ужо не даводзіцца шыкаваць, гартаючы ў бары меню ды выбіраючы "сваё" са стосу расейскіх, украінскіх ці дацкіх маркаў. Прапануюць альбо завоблачна дарагое нямецкае, альбо з тых расейскіх гатункаў, якія ня вельмі хадавыя, а таму яшчэ ня скончыліся — кшталту моцных "Трох мядзьведзяў", "Балтыкі №9" ці "Доктара Дызэлю". Насамрэч, гэта не зусім піва, хутчэй, як кажуць, "ёрш" — утрыманьне сьпірту на ўзроўні сумна вядомага "Крыжачку". Ну, а тых, хто ня можа сабе дазволіць пасядзець у бары і купляе бутэльку-іншую па дарозе з працы, хвалюе іншае — шапікі пусьцеюць.

Піва, натуральна, ня зьнікла. У той жа Расеі, Украіне яго поўна. Але іншая справа, што яно не даяжджае да Беларусі. Сваімі шматлікімі захадамі нібыта ў абарону айчынных вытворцаў беларускі ўрад насамрэч дамогся таго, што ня створана ўмоваў ні дзеля разьвіцьця сваёй піваваранай галіны, ні дзеля цывілізаванага імпарту піва з-за мяжы. Летась і сёлета Саўмін ўхваліў шэраг пастановаў, якія істотна абмяжоўваюць доступ у Беларусь найперш расейскага піва. Ад пачатку году дзейнічае патрабаваньне абавязковага набыцьця ліцэнзіі: кошт — амаль 11 тысячаў даляраў на мінімальную партыю ў 10 тысячаў дэкалітраў піва. Потым — аплата авансавага плацяжу ў памеры 30% ад кошту тары пад зваротны вываз. Апроч гэтага — атрыманьне кантрольных знакаў у міністэрстве па падатках і зборах пасьля авансавага плацяжу за акцызны кошт. І, нарэшце, увоз піва ажыцьцяўляецца толькі праз склады часовага захоўваньня, а пры гуртовым гандлі — толькі паводле спэцыялізаваных таварна-транспартных накладных. Гэтулькі клопатаў, а прыбытак — мінімальны.

Піўныя непаразуменьні некалькі разоў спрабавалі вырашаць на ўзроўні прэм'ер-міністраў Расеі і Беларусі, але безвынікова. Магчыма, у часе чарговага паседжаньня прэзыдыюму Савета міністраў беларускія чыноўнікі гэтаксама будуць думаць, як не сапсаваць стасункі з расейскімі вытворцамі, бо літаральна напярэдадні Саюз расейскіх півавараў выступіў з адкрытай заявай. Вось невялікая вытрымка: "За дзеяньнямі беларускіх уладаў, якія быццам прымаюцца з адзінай мэтай — разьвіваць сваю піваварную вытворчасьць, насамрэч хаваюцца імкненьне атрымаць коштам расейскіх бровараў дадатковую крыніцу ў рэспубліканскі бюджэт".
XS
SM
MD
LG