Рашэньне OPEC павялічыць квоты на здабычу нафты сталася непрыемным сюрпрызам для многіх маскоўскіх аналітыкаў. "Расея можа пачаць рыхтавацца да сур'ёзных бюджэтных цяжкасьцяў," – гэткая танальнасьць некаторых камэнтароў у расейскай прэсе. А якія наступствы чакаюць з гэтага пункту гледжаньня Беларусь, якая імпартуе амаль усе энэрганосьбіты менавіта з Расеі? Наш эканамічны аглядальнік Міхась Залескі лічыць, што ў кароткатэрміновым пляне залежнасьць ад падзеньня коштаў на нафту вельмі выразная і адназначная – "чым горш у Расеі, тым лепей для беларускай прамысловасьці".
(Залескі: ) "Наступствы тут ускосныя – праз Расею. Зьніжэньне коштаў пацягне скарачэньне паступленьняў у расейскі бюджэт, які атрымлівае 20% ад нафтавікоў і газавікоў. А калі ў расейскім бюджэце няма грошай, то іхныя дзяржпрадпрыемствы замаўляюць беларускую прадукцыю па бартэру. А калі ў іх ёсьць валюта, яны купляюць не беларускую, а больш якасную за мяжой. Так што пэўныя беларускія прадпрыемствы ў выніку звольняцца ад запасаў на складах, якія зараз у машынабудаўніцтве складаюць ледзьве не 4-месяцовы аб'ём вырабу прадукцыі".
Варта таксама адзначыць, што падзеньне пакупніцкай здольнасьці расейскіх партнэраў прыводзіць да росту бартэра, зь якім беларускае эканамічнае кіраўніцтва апошнімі гадамі ўпарта змагаецца. Так што набыцьцё праз бартэр беларускай прадукцыі расейцамі мае нэгатыўны стратэгічны эфэкт для беларускай эканомікі. Дырэктары заводаў, рагрузіўшы свае складзкія запасы, перастаюць дбаць пра неабходнасьць кардынальных рэформаў на прадпрыемствах. Навошта рэформы, калі прадукцыя і так знаходзіць спажыўца?
У падзеньні коштаў на нафту ёсьць і другі аспэкт. Як гэтае зьніжэньне адаб'ецца на пэрспэктывах прыватызацыі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў? Аглядальнік газэты "Белорусский рынок" Тацяна Манёнак лічыць, што гэтыя пэрспэктывы больш залежаць ад палітычнага стану беларуска-расейскіх дачыненьняў, а не ад коштаў на паліва.
(Манёнак: ) "Аналіз паказвае – калі ў Расеі падаюць кошты на нафту, то расейскім кампаніям больш выгадна перапрацоўваць нафту на сваіх нафтаперапрацоўчых заводах, чым у Беларусі. Таму, сапраўды, прывабнасьць беларускіх заводаў будзе падаць, але ж гэта ня значыць, што беларускі ўрад пойдзе на хуткае зьмяненьне ўмоваў прыватызацыі прадпрыемстваў нафтахіміі".
Тацяна Манёнак адзначае, што расейскія нафтавыя кампаніі назапасілі апошнімі гадамі дастаткова грошай для інвэставаньня ў беларускую нафтахімію. Напрыклад, "Сургутнафтагаз", асноўны прэтэндэнт на прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў, мае каля 5 мільярдаў даляраў вольных грошай. Аднак беларускае кіраўніцтва па-ранейшаму не стварае спрыяльных ўмоваў для прыватызацыі.