Прадпрымальніца, якая назвалася Вольгай, займаецца ліквідацыяй свайго бізнэсу, бо мае выехаць на сталае месца жыхарства за мяжу. Колькі месяцаў таму яна зьвярнулася ў сваю падатковую інспэкцыю, каб прайсьці праверку і атрымаць даведку пра адсутнасьць запазычанасьцяў перад бюджэтам.
(Вольга: ) “Мне сказалі: чакайце паўтара году на праверку, бо стварылася велізарная чарга. Я неяк паспрабавала давесьці, што ад’яжджаю на сталае месца жыхарства і гэта ўкладваецца ў пэўныя часавыя рамкі. У мяне ўзялі дакумэнты – і пайшла лічыць губэрнія. Мне налічылі пэні й санкцыі з 1994 году да сёньняшняга дня, бо дакумэнты за той час я паказаць не магла, хоць тады яны ў мяне былі. Прычым лічыць сталі не з прыбытка, а з вала. Цяпер зноў затрымка”.
Паводле словаў Вольгі, з падобнымі праблемамі сутыкаюцца шматлікія іншыя бізнэсоўцы. Першая хваля ахвотных згарнуць бізнес прыйшлася на восень, пасьля таго як індывідуалаў абавязалі плаціць унёскі ў пэнсійны фонд. Цяпер пасьведчаньні здаюць з прычыны занадта высокіх ставак адзінага падатку ды абмежаваньняў колькасьці наёмных працаўнікоў. І кожны прадпрымальнік павінен чакаць доўгі час, пакуль яго правераць. А без даведкі пра адсутнасьць завінавачанасьцяў за мяжу не выпускаюць.
Самі супрацоўнікі падатковых органаў тлумачаць гэта чыста тэхнічнымі праблемамі. Як распавяла мне прадстаўніца адной з падатковых інспэкцыяў Менску, на праверку толькі аднаго прадпрымальніка патрабуецца прыкладна месяц. Але ж кожны інспэктар адначасова займаецца праверкай некалькіх дзясяткаў прадпрымальнікаў, таму працэс расьцягваецца.
(Спадарыня: ) “У нас у штаце 9 чалавек разам са мной. Самі разумееце, што існуе шмат іншых праверак, якія таксама трэба рабіць. Мы ня можам займацца толькі тымі людзьмі, якія хочуць зьліквідавацца. У мяне канкрэтна ў пляне праверак 40% складаюць прадпрымальнікі, якія падлягаюць ліквідацыі”.
Мая суразмоўца сказала, што шмат складанасьцяў ствараюць і самі бізнэсоўцы, якія не вядуць як сьлед уліку сваёй дзейнасьці, таму падаткавікам цяжка аднавіць зьвесткі шматгадовай даўніны. Таксама яна лічыць, што ў падатковых інспэкцыях занадта мала супрацоўнікаў, каб справіцца з такім аб’ёмам працы. Да таго ж інспэкцыі часта ня маюць добрай кампутарнай тэхнікі, таму праца з падаткаплатнікамі замаруджваецца.
Юрыст Беларускага саюза прадпрымальнікаў Сяргей Стрэльчык сьцьвярджае, што праблема палягае не ў недысцыплінаванасьці бізнэсоўцаў і не ў падатковых інспэктарах. На ягоную думку, у Беларусі занадта заблытаная сістэма ўліку і кантролю за дзейнасьцю дробных прадпрымальнікаў.
(Стрэльчык: ) “Праблема не ў падатковых інспэкцыях. Праблема ў заканадаўстве, у заканадаўцах. А заканадаўцаў у нас два паводле Канстытуцыі. Вось няхай і разьбяруцца, хто зь іх будзе прымаць рашэньні па гэтых пытаньнях, каб спрасьціць сыстэму ўліку ды адпаведна спрасьціць працу падаткавікоў. Адпаведна й спрасьціць саму працэдуру ліквідацыі, бо падаткавікі самі не зацікаўленыя, калі ў іх на ўліку такая колькасьць суб’ектаў гаспадараньня балястам. Іх гэтая сытуацыя ня радуе”.
Спадар Стрэльчык нагадаў, што у першыя тры месяцы гэтага году ў адным толькі Менску каля 15 тысяч прадпрымальнікаў падалі заявы на ліквідацыю. Усяго ў сталіцы на пачатку году налічвалася каля 61 тысячы дробных прадпрымальнікаў.