На чатырохдзённы працоўны тыдзень пераведзеныя ўжо звыш 200 рабочых вытворчасьці тавараў шырокага спажываньня. Паводле сьведчаньня адмыслоўцаў, спартовыя касьцюмы ды іншыя свае тавары аб’яднаньне ня можа рэалізаваць на беларускім рынку. Запасы гатовай прадукцыі на складах перавысілі месячны выпуск на 37%.
Сярод прычынаў называюць нізкую пакупніцкую здольнасьць насельніцтва і невысокую якасьць прадукцыі. Спартовае адзеньне сьветлагорскіх хімікаў адмовіліся таксама купляць многія спажыўцы Расеі і Ўкраіны.
Цяпер генэральны дырэктар аб’яднаньня Мікалай Маркаў выдаў загад пра скарачэньне з 1 траўня працоўнага тыдня на адзін дзень для заводу поліэфірных тэкстыльных нітак, шэрагу адмыслоўцаў заводакіраваньня, цэнтральнай заводзкай лябараторыі, рамонтных ды іншых службаў.
Аднак самым нечаканым у жыцьці 9-тысячнага калектыву хімікаў зьявілася адмена акцыянаваньня, да якога рыхтаваліся ўвесь мінулы год.
Распавядае памочнік генэральнага дырэтара Сяргей Падута:
(Падута: ) “Не, у нас акцыянаваньня ня будзе як такога. Справа ў тым, што мы атрымліваем паэтапна кувэйцкі крэдыт. Першая невялікая транша ўжо паступіла. А ў кантракце сказана, што падчас асваеньня крэдыту нельга мяняць форму ўласнасьці. У нашым канцэрне “Белнафтатахім” мяняюць форму ўласнасьці толькі “Палімір” і “Нафтан”. Мы ж застаемся дзяржаўным прадпрыемствам. Такое рашэньне прынятае Міністэрствам эканомікі”.
Кувэйцкі крэдыт Фонду арабскага эканамічнага разьвіцьця на 16,5 мільёну амэрыканскіх даляраў даецца часткамі на рэканструкцыю вытворчасьці поліэфірных тэкстыльных нітак да 2005 году. Да гэтага часу і гаворкі ня можа быць пра акцыянаваньне “Хімвалакна”.
Такія ўмовы ставяць аб’яднаньне ў даволі складаную сытуацыю. На поўную рэканструкцыю патрэбна каля 52 мільёнаў даляраў. Аднак нешматлікія інвэстары, у тым ліку і з Расеі, меней за ўсё пагаджаюцца ўкладваць сродкі ў прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасьці.
Праўдападобна, што стагнацыя нафтахімічнага гіганта зацягнецца яшчэ на два наступныя гады.