Праект па праблеме ВІЧ і сухотаў рыхтуецца ўжо цягам двух гадоў: беларускі бок увесь час марудзіў са сваёй часткай працы. А летась рэалізацыя праграмы наагул трапіла пад пытаньне, бо прагучала крытыка праекту з боку Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі лідэр тады заявіў, што Ўсясьветны банк прымушае краіну набываць за кошт бюджэтных сродкаў непатрэбныя матэрыялы і такім чынам дазваляе атрымаць прыбытак замежным вытворцам. Аднак гэтыя непаразуменьні ўдалося пераадолець. Паводле Люка Барбонэ, тэхнічная праца над праектам будзе завершаная ў найбліжэйшы час.
(Барбонэ: ) “Гэта надзвычай важны праект для Беларусі і для Ўсясьветнага банка ў межах рэалізацыі дапамогі краіне. Праект распрацоўваўся цяжка, але я спадзяюся, што перамовы з урадам пачнуцца яшчэ да вынясеньня яго на раду дырэктароў банку, то бок у найбліжэйшыя колькі тыдняў”.
Паводле спадара Барбонэ, агульны кошт праекту складзе каля 70 мільёнаў даляраў, пры гэтым доля Ўсясьветнага банку ў фінансаваньні дасягне 45 мільёнаў даляраў. Магчыма таксама, што пэўныя сродкі выдаткуюць іншыя міжнародныя донарскія арганізацыі. Зь іншых праграмаў сацыяльнай скіраванасьці, якія мае ажыцьцявіць банк у Беларусі — Чарнобыльскі праект. Мяркуецца, што праца над ім распачнецца ў траўні.
Апроч таго, Усясьветны банк мае шэраг эканамічных праектаў, у тым ліку агляд дзяржаўных выдаткаў. Гэты маніторынг быў зроблены нядаўна і ягоныя вынікі ў хуткім часе апублікуюць. Цяпер, як паведаміў Люка Барбонэ, арганізацыя вядзе перамовы зь беларускім урадам пра выдаткаваньне гранту на праграму ў справе ўдасканаленьня фармаваньня бюджэту. Грант можа скласьці крыху меней за чвэрць мільёна даляраў.