Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 КРАСАВІКА Ў БЕЛАРУСІ ЗНОЎ ІСТОТНА ПАДАРАЖЭЕ ПРАЕЗД У МЯСЦОВЫХ ЦЯГНІКАХ


Натальля Раковіч, Менск

Кошт квіткоў на цягнікі ўнутры краіны ўзрасьце на 15%. Для прыгарадных цягнікоў кошт адной зоны, які раней складаў 150 рублёў, падвышаны да 200 рублёў. Рашэньне падвысіць кошты прыняло Міністэрства эканомікі, аднак чыгуначнікі яго вітаюць. Як распавёў у гутарцы са мной начальнік прэсавай службы Беларускай чыгункі Ігар Пятроўскі, пасажырскія перавозкі ўнутры краіны застаюцца стратнымі. Насельніцтва плаціць ня болей за 30% ад рэальнага кошту квіткоў. Становішча выратоўваюць толькі міжнародныя перавозкі і грузавы транзыт – ад іх чыгуначнікі сапраўды атрымліваюць прыбытак.

Разам з тым спадар Пятроўскі заўважыў, што з прычыны недахопу сродкаў Беларуская чыгунка ня можа абнаўляць транспартны парк. Замест таго, каб купляць новыя цягнікі, даводзіцца рамантаваць старыя.

(Пятроўскі: ) “80% вагонаў зношаныя. Такая ж карціна зь лякаматывамі, цеплавозамі, дызэль-цягнікамі. Парк зношваецца – гэта асноўныя фонды. Нам цяпер трэба тэрмінова рэфармаваньне праводзіць”.

Аднак бальшыня пасажыраў, зь якімі я пагутарыла на менскім чыгуначным вакзале, незадаволеныя чарговым падвышэньнем коштаў. Яны лічаць, што пры цяперашнім узроўні жыцьця ў краіне падаражэньне праезду неабгрунтаванае.

(Студэнт: ) “Тое, што квіткі падаражэюць, дрэнна. Мы студэнты, дорага і так езьдзіць, стыпэндыі не стае”.

(Пэнсіянэрка: ) “Хацелася б, канечне, каб засталіся ранейшыя кошты на цягнікі, на гарадзкі транспарт”.

(Спадар:) “Ведаеце, я ня вельмі часта ежджу, таму не задумваўся пра гэта. Я з Наваельні сам прыехаў, то 3.300 да Менску – не настолькі і шмат. Можа й добра, што падаражэюць”.

(Дзяўчына: ) “Я стаўлюся да гэтага вельмі дрэнна, бо я студэнтка, не заўсёды даводзіцца езьдзіць дадому да бацькоў. Падумалі б хаця б пра студэнтаў, насамрэч!”

(Спадар: ) “Усё даражэе, і гэта дрэнна. Заробкі стаяць на месцы, а кошты заўсёды ўздымаюць на ўсё, ня толькі на праезд у транспарце. І куды мы гэтак далей можам прыйсьці?”

Сапраўды, заробкі ў Беларусі падвышаюцца не настолькі хутка, як плянавалася напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Замест 150 даляраў у пачатку гэтага году (такія пляны былі закладзеныя ў праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2001-2005 гады), сярэдні заробак цяпер складае прыкладна 110 даляраў. Але ў многіх сфэрах эканомікі (напрыклад, у сельскай гаспадарцы) гэтыя лічбы значна ніжэйшыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG