Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАЎКІ АРЭНДНАЙ ПЛАТЫ ДЛЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ-ГАНДЛЯРОЎ МОГУЦЬ ІСТОТНА ПАДВЫСІЦЦА


Натальля Раковіч, Менск

З ідэяй увесьці новы парадак фармаваньня ставак арэнднай платы ўрад выступіў яшчэ летась увосень. Тады чыноўнікі спасылаліся на тое, што мэханізм вызначэньня арэнды не заўсёды празрысты, кошты часта завышаныя, а на некаторыя гандлёвыя пляцоўкі прадпрымальнікі папросту ня могуць патрапіць бяз хабару. З гэтае прычыны, на іхную думку, трэба вызначаць кошт гандлёвага месца паводле вынікаў аўкцыённых таргоў. Цяпер гэтая ідэя ўрадоўцаў стала рэальнасьцю: з 15 красавіка дэкрэт №10 пачынае дзейнічаць.

Гандляры зь менскага рынку “Дынама”, зь якімі я пагутарыла сёньня, называлі прэзыдэнцкі дэкрэт чарговай бязглузьдзіцай. На іхную думку, аўкцыён трэба праводзіць, калі попыт на гандлёвыя месцы занадта высокі. Аднак апошнім часам прадпрымальнікі масава сыходзяць з рынку. На тым жа “Дынама” гандлёвыя шэрагі цяпер не настолькі шчыльныя.

(Спадар: ) “Усё, што будзе больш — горш для прадпрымальнікаў. Кошты адпаведна ўзрастуць, слушна?”

(Спадар: ) “Я мяркую, усё гэта глупства. Цяпер ужо чэргі стаяць на здачу дакумэнтаў, і на “Дынама” папросту народу зусім не застанецца. Раней, калі я адзін мог плаціць арэнду і фіксаваную стаўку, я стаяў адзін. Цяпер мы ўдвох стаім. Будзе вышэй кошт — будзе тры чалавекі на адным месцы”.

(Спадар: ) “Пра які аўкцыён можна казаць, калі на другім паркінгу было першапачаткова прапанавана паўтары тысячы на месяц за краму? Перад новым годам яны скінулі да чатырох даляраў за квадратны мэтар. А цяпер па даляры квадратны мэтар, і ўсё адно крамы пустыя”.

На іншы аспэкт праблемы зьвярнуў увагу ў інтэрвію Свабодзе юрыст Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Стрэльчык. Паводле яго, дзеяньне дэкрэту можа распаўсюджвацца ня толькі на дзяржаўныя прадпрымствы, кшталту рынка “Дынама”, але й на прыватныя гандлёвыя пляцоўкі. Гэта, на думку юрыста, яскрава дэманструе стаўленьне ўладаў да прыватнай уласнасьці — асновы рынкавай эканомікі.

(Стрэльчык: ) “Права здаваць у арэнду — гэта права распараджацца. А права ўласнасьці складаецца з трох элемэнтаў: права валодаць, карыстацца і распараджацца. Адзін з элемэнтаў, прынамсі, гэтага інстытуту, улада не прызнае за ўласьнікам. Пра што можна далей казаць?”

Наагул, спадар Стрэльчык назваў дэкрэт №10 новай прававой анамаліяй, якая можа стаць у адзін шэраг з дакумэнтамі, кшталту дэкрэту №40: ніхто ня ведае, як выкарыстоўваць падобныя нарматыўныя акты. Таму юрыст выказвае меркаваньне, што з 15 красавіка ў прадпрымальнікаў-гандляроў можа ўзьнікнуць шмат нечаканых праблемаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG