Волю сялянаў вёскі Хільчыцы ні раённы, ні абласны выканкамы не хацелі замацоўваць юрыдычна. Пужаліся, што іншыя вяскоўцы таксама пакінуць свае калгасы. Галоўны вэртыкальшчык Жыткавіцкага раёну Пятро Савецкі накіроўваў у Хільчыцы розныя камісіі і нават пракурора, каб тыя складалі акты на фэрмэра Шруба, што ён нібыта самавольна захапіў калгасную зямлю і незаконна распараджаецца калектыўнай маёмасьцю.
Усе гэтыя напады вымусілі Міхаіла Шруба зьвярнуцца з заяваю ў абласны гаспадарчы суд, каб той адмяніў беспадстаўную адмову аблвыканкаму ў перарэгістрацыі гаспадаркі з улікам далучэньня збанкрутаванага калгасу.
Настойлівасьць фэрмэра тлумачыцца проста. Хільчыцы — родная вёска Міхаіла Шруба. Тут і зараз жывуць ягоныя бацькі. Зьнявераных у калгасе землякоў фэрмэр ня мог пакінуць на волю лёсу, калі тыя ўжо папрасілі прыняць іх.
Аднак усьлед за выканкамам і гаспадарчы суд не знаходзіў юрыдычных падставаў для перарэгістрацыі. Зараз аблвыканкам сам перагледзеў стаўленьне да падзеяў у Хільчыцах і адмысловым рашэньнем №132 перарэгістраваў фэрмэрскую гаспадарку.
Сваё меркаваньне адносна того, што паўплывала на аблвыканкам, выказвае Міхаіл Шруб:
(Шруб: ) “На самай справе пытаньне гэта ўзьнімалася на нарадзе рэфармаваньня аграпрамкомплексу. Канкрэтна пра маю гаспадарку. Кіраўнік дзяржавы, наколькі вядома, заявіў, што ня фэрмэр павінен шукаюць юрыдычнае выйсьце, калі нешта не адпавядае ў законе патрабаваньню вяскоўцаў. Думаю, што гэтая заўвага і была для ўладаў вырашальнай. Год жа валакіцілі. Трэба, каб ужо па калгасу хаўтуры былі, а яны яго толькі пахавалі”.
Цікава, што аблвыканкам пагадзіўся і на прапанаванае Міхаілам Шрубам замацаваньне правоў былых калгасьнікаў на частку агульнай маёмасьці. Праўда, гэтая маёмасьць цяпер стала таньнейшай на суму калгасных даўгоў, якія раней улады браць пад увагу не хацелі.