Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАПЯРОВАЯ ПРАМЫСЛОВАСЬЦЬ ПАТРАБУЕ ІНВЭСТЫЦЫЯЎ, А НЕ ПРАВЕРАК


Казімер Яноўскі, Гомель

З сытуацыяй у галіне разьбіраўся і прэм’ер-міністар краіны Генадзь Навіцкі. Ён наведаў Добрускую папяровую фабрыку “Герой працы” і акцыянэрнае таварыства “Гомельшпалеры”. Паводле словаў кіраўніка ўраду спадара Навіцкага, для злоўжываньняў у папярова-цэлюлёзнай галіне былі пэўныя падставы.

(Навіцкі: ) “Глебай для гэтых злоўжываньняў былі наступныя абставіны. З-за недахопу абаротных сродкаў, у тым ліку і на Добрускай папяровай фабрыцы “Герой працы”, прамыслоўцы зьвярталіся да паслугаў давальцаў і пасярэднікаў, каб атрымліваць цэлюлёзу і паперу. Схема будавалася такім чынам, што сыравіна і прадукцыя давальцаў бяз грошай хадзіла кругам. У прыватнасьці, паміж Добрушам, “Гомельшпалерамі” і “Менскшпалерамі”. У выніку такіх хітрыкаў вялікая частка падаткаў у Рэспубліцы Беларусь не плацілася, а натуральны эфэкт ад гэтага дзяліўся паміж удзельнікамі працэсу”.

Паводле ягоных словаў, урад зараз вырашае задачу пазбаўленьня ад давальцаў і пасярэднікаў. Гэтага можна дасягнуць двума шляхамі: будаўніцтвам у Сьветлагорску на кардонным камбінаце магутнасьцяў вырабу беленай беларускай цэлюлёзы і ў Добрушы — вытворчасьці палепшанай газэтнай паперы, якая ў краіне наагул не вырабляецца.

Кошт такіх рашэньняў даволі высокі: адпаведна 380 мільёнаў даляраў і 40 мільёнаў. Прэм’ер аднак не ўдакладніў, адкуль возьмуцца такія інвэстыцыі. Сказаў толькі, што гэта — кампэтэнцыя кіраўніка дзяржавы.

Падчас візыту Навіцкага канчаткова адрынуты праект будаўніцтва заводу газэтнай паперы ў Шклове. Такі варыянт прапаноўваўся. Відавочна, з разлікам на сымпатыю першай асобы дзяржавы.

Узрушаны пераменай на свой бок, дырэктар Добрускай фабрыкі “Герой працы” Ўладзімер Шульга выказаўся так: “Апазыцыі аддамо звычайную паперу, а дзяржаўным газэтам — мелаваную”.

Сёньня сталі вядомыя і некаторыя страты прадпрыемстваў у выніку татальнай праверкі папяровай прамысловасьці. Як заявіў намесьнік дырэктара “Гомельшпалераў” Аляксандар Пераслаўцаў, летась на прадпрыемстве пабывалі 57 розных камісіяў. Вынік такі:

(Пераслаўцаў: ) “Мы ў тым годзе за апошнія 5 месяцаў страцілі 800 тысяч даляраў. Гэта вынік праверак. У нас забіты склады гатоваю прадукцыяй. Пастаўцы паперы баяцца нам яе вазіць. Асьцерагаюцца: прывязуць, а пасьля ў замен — ні грошай, ні шпалераў. Анічога!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG