Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАЛІНА БЛАНКА” РАСЧАРАВАЛАСЯ Ў БЕЛАРУСІ


Ігар Карней, Менск

Перамовы адносна адкрыцьця ўласнай вытворчасьці “Галіна Бланка” ў Беларусі нічым не завершыліся: гішпанскі бок прэтэндаваў на кантрольны пакет акцыяў у сумесным бізнэсе і саступаць на меншую колькасьць не жадаў. Інвэстыцыйная праграма была заўчасна згорнутая, а таму адпала й пытаньне будаўніцтва ў Беларусі заводу па вытворчасьці булённых кубікаў.

Разам з тым, пасьля ўдалых перамоваў з зацікаўленымі асобамі ў Расеі, паўтара года таму аналягічнае прадпрыемства распачало працу ў горадзе Бор Ніжагародзкай вобласьці — другое па ліку пасьля аднайменнага заводу ў Гішпаніі. Вось што распавяла былая дыстрыбутарка прадукцыі “Gаllina Blanca” ў Беларусі Валянціна Янушэўская:

(Янушэўская: ) “У Расеі лягчэй працаваць, і яны збудавалі завод менавіта там. Ад будаўніцтва падобнага заводу ў Беларусі ўрэшце адмовіліся. Чаму? — можна толькі здагадвацца. Я калі раней зь імі размаўляла, яны зрабілі выснову, што няма сэнсу будаваць вытворчасьць у Беларусі: найперш, непрадказальныя ўмовы гаспадараньня, а па-другое, у Расеі — вялізны рынак збыту. Таму завод ужо гады два працуе ў Расеі”.

У сярэдзіне 1990-х пасьпяховую вытворчасьць распушчальных курыных кубікаў арганізаваў у Гішпаніі былы футбаліст маскоўскай каманды ЦСКА, а пасьля гулец гішпанскага “Эспаньёлу” Дзьмітры Галямін. Справа хутка пайшла ўгару, і Галямін адчыніў шэраг прадстаўніцтваў на радзіме, у Расеі. Вялізны патэнцыйны рынак патрабаваў новых вытворчых магутнасьцяў, і тады вэктар пошуку быў скіраваны гэтаксама і ў Беларусь. Аднак узаемнасьці не атрымалася.

Зрэшты, нягледзячы на невялікую зацікаўленасьць беларускіх чыноўнікаў да больш трывалых стасункаў, беларускі рынак для “Галіна Бланка” дагэтуль заставаўся ў ліку прыярытэтных (зрэшты, тая ж наяўнасьць беларускай мовы на пакунках на гэта сьведчыць найбольш яскрава). Апроч паставак уласна прадукцыі, пад эгідай брэнду напярэдадні Калядаў праходзіў традыцыйны міжнародны гімнастычны турнір на Кубак “Галіна Бланка”. Сёлета кіраўніцтва расейскага прадстаўніцтва абвесьціла, што фінансаваць мерапрыемства адмаўляецца. Гаворыць галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай па мастацкай гімнастыцы і арганізатарка турніру зь беларускага боку Ірына Ліпарская:

(Ліпарская: ) “Ніякага афіцыйнага адказу нам не даслалі, але на словах папрасілі пераказаць: паколькі адказнае за беларускі рынак прадпрыемства з Гішпаніі перамесьцілася ў Расею, расейцаў гэта больш не цікавіць. Беларускі прадстаўнік Сяргей Чылік гэтаксама выказаў прабачэньне, але, я так разумею, гэта ягонае асабістае спачуваньне, бо ён пяць гадоў таму разам з намі распачынаў гэты праект. Але новае кіраўніцтва нас ніяк не папярэдзіла”.

Спадарыня Ліпарская мяркуе, што падобны сымптом тлумачыцца тым, што “Галіна Бланка” губляе інтарэс ня толькі да рэклямаваньня сваёй прадукцыі шляхам падобных шоў, але да Беларусі ўвогуле. Гэтаму ўжо ёсьць ускоснае пацьверджаньне: калі раней белая курыца на кубіках “Галіна Бланка” пазірала на пакупнікоў літаральна ў кожным шапіку, то зараз у іхным пошуку трэба добра паблукаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG